Віктар Шалкевіч. Успамін пра першае каханьне напярэдадні 60-годзьдзя (аўдыё/відэа)
У аўдыёчарце на TuzinFM Віктар Шалкевіч прэзэнтуе быць можа самую прыгожую песьню з свайго рэпэртуару — «Шалёная» ў жывым запісе, які быў зроблены ў праграме Belsat Music Live.
«Першае каханьне ўваходзіць у жыцьцё 17-гадовага хлапчука нечакана і няпрошана. І што пасьля яго застаецца? Успамін на ўсё жыцьцё, ці ня самы важкі і галоўны. Шкада тых, хто не перажыў першага каханьня ці не сутыкнуўся зь ім», — так прэзэнтаваў наведнікам TuzinFM жывую вэрсію песьні «Шалёная» Віктар Шалкевіч. Упершыню яна была запісаная на студыі «Польскага радыё» ў Беластоку пры канцы зімы 1995 году і ў гэтым варыянце ўвайшла ў самы знакавы альбом гарадзенскага выканаўцы «Смутны беларускі блюз». З тых часоў яе просяць выканаць ці не на кожным канцэрце. У гіт-парадзе на TuzinFM бярэ ўдзел жывы запіс «Шалёнай», які быў зроблены на студыі праграмы Belsat Music Live пры канцы 2018-га.
Глядзець цалкам #BML з Віктарам Шалкевічам
9 лютага Віктар адзначыць 60-годзьдзе. З нагоды юбілею ён дае сольны канцэрт у Палацы прафсаюзаў. Сёлета музыка магчыма выдаць і даўно абяцаны студыйны альбом.
Віктар Шалкевіч — Шалёная (музыка і словы выканаўцы)
TuzinFM
Шалёная, шалёная, шалёная
Шапочуць кветкі, уздыхае цёмны гай
Нясьпешна па-над межамі зялёнымі
Шчасьлівай птушкай праплывае месяц май
Сьвет атруцілі сьпевы салаўіныя
Жыцьцём напоўніўся, расьцьвіў сухі чарот
Бясконцым, ясным, велічным і сонечным
Здаецца шчасьце ў васемнаццаць зь нечым год
А я цябе чакаю
Спакою мары не даюць
Я не пытаю ці кахаеш
Я не пытаю ці кахаеш
Я не пытаю ці кахаеш
Я адчуваю, я ведаю
Шалёная, шалёная, шалёная
Было, мінула, у непамяць адышло
Благое, нечаканае, штодзённае
Сьмешнае шчасьце… Усё было, усё сплыло
Па вузкіх, шэрых, нашых колісь вуліцах
Блукае вецер, лістапад, халодны дождж
Ня вернешся, ня прыйдзеш, не прытулішся
Нашто стаяць, чакаць няведама каго
А я цябе чакаю
Спакою мары не даюць
Я не пытаю ці кахаеш
Я не пытаю ці кахаеш
Я не пытаю ці кахаеш
Я адчуваю, я ведаю…
Шалёная, шалёная, шалёная…
КАМЕНТАВАЦЬ