Mirum Festival: Катамадзэ, Šuma, Migloko і «Тузін.Немаўля» з Пукстам
3350 / 0
17.07.2014

Mirum Festival: Катамадзэ, Šuma, Migloko і «Тузін.Немаўля» з Пукстам

9 жніўня проста ля Мірскага замку пройдзе Mirum Festival зь вельмі арыгінальным лайн-апам.

Удзельнікаў фэсту абвяшчаюць паступова, ужо вядома што ў Мір прыедуць вельмі цікавыя выканаўцы — джазавая сьпявачка з Грузіі Ніно Катамадзэ, шыкоўны літоўскі электра-рок праект Migloko, украінска-грузінская сьпявачка Сафі Вілі, Ніна Карлсан з Расеі. Зь беларускіх выканаўцаў заяўленыя электра-фольк праект Šuma і Tanin Jazz, які мяркуе прадставіць у межах фэсту свой танцавальны беларускамоўны альбом. Таксама на Mirum Festival адбудзецца прэзэнтацыя аднаго зь фільмаў праекту «Тузін.Немаўля»«Кастусь Каліноўскі» ў жывым агучваньні Сяргея Пукста.

«Наш фэст беларускі, таму мы зацікаўленыя ў тым, каб прадставіць самыя арыгінальныя музычныя праекты з нашай краіны на фэстывальных пляцоўках, — кажа адзін з арганізатараў фэсту Ягор Захарка. — Акром галоўнага музычнага складніка мы таксама імкнемся ўцягнуць калямузычную культуру — кіно, тэатар, арт-выставы, інсталяцыі ды яшчэ шмат іншых цікавых рэчаў, якія падабаюцца нам, і спадзяемся падабаюцца нашым наведнікам. Напрыклад, сёлета мы запусьцім на фэсьце сапраўдны беларускі фаст-фуд».

Фэст мае пачацца пад вечар 9 жніўня, музычная праграма расплянаваная да шостай раніцы. Абяцаецца таксама зручны сэрвіс дастаўкі гледачоў зь Менску, Горадні, Берасьця і Гомелю. Падрябазнасьці на старонках падзеі УК і FB.

Tuzin.fm