«Герояў году — 2015» назавуць Сяргей Філімонаў, Dzieciuki і Leibonik (расклад канцэрту 12.12)
3078 / 0
11.12.2015

«Герояў году — 2015» назавуць Сяргей Філімонаў, Dzieciuki і Leibonik (расклад канцэрту 12.12)

Весьці канцэрт будзе аўтар культавай тэлепраграмы «Відзьмо-Невідзьмо» Сяргей Філімонаў, а пераможцаў абвесьцяць уладальнікі мінулай прэміі.

Сёлета партал Tuzin.fm адзначае 12-годзьдзе. Па традыцыі, у дзень супадзеньня магічных лічбаў 12.12 называюцца героі году ў беларускай музыцы — «Адкрыццё году» і «Гурт году». У кожнай з намінацыяў — па 7 прэтэндэнтаў. Абвяшчэньне пераможцаў адбудзецца ў клюбе «Пляцоўка-Хол», а найлепшых назавуць уладальнікі леташняй прэміі — гурт Leibonik, прызнаны «Адкрыцьцём-2014» і «Героі году — 2014» — Dzieciuki. «Менавіта гэтыя намінацыі адлюстроўваюць погляд рэдакцыі найстарэйшага нацыянальнага музычнага парталу на тое, куды і з кім павінна рухацца беларуская музыка. Што дало нам нашае „адкрыцьцё“? Найперш разуменьне таго, што і наша самадзейнасьць усё ж вартая сцэны. Па-другое, нягледзячы на поўную адсутнасьць запісаў павялічылася колькасьць запрашэньняў на выступы», — кажа лідэр гурта Leibonik Сяргей Башлыкевіч.

«Кожная станоўчая адзнака з боку — гэта прыемна. „Героі году“ — гучыць грувастка і напышліва, як для панкаў, але нейкая адказнасьць ёсьць. У тым сэнсе, што панк-рок — панк-рокам, але трэба працаваць над сабой, каб быць на ўзроўні!» — заўважае лідэр гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў

Вядучымі «тузіноўскіх» канцэртаў абіраюцца знакавыя асобы беларускай культурнай прасторы. Сярод іх былі ўжо Лявон і Ганна Вольскія, Міхал Анемпадыстаў, Алег Хаменка, Максім Жбанкоў. Сёлета прэмію правядзе Сяргей Філімонаў, вядучы культавай тэлепраграмы «Відзьмо-Невідзьмо», якая выхавала выкшталцоны густ у цэлага пакаленьня беларусаў. «Падтрымліваю ўсім сэрцам тое, што робіць Tuzin.fm. Гэта той самы музычны партал, дзе ў адрозьненьне ад афіцыёзу, мэляманы могуць адшукаць сапраўды цікавых музыкаў і ўсьвядоміць, што мясцовыя музыкі знаходзяцца ў эўрапейскім кантэксьце. Бадай што, гэта адзіная пляцоўка, дзе могуць самавыявіцца музыкі, якія цікавяцца беларушчынай», — кажа Сяргей. Ён назаве пераможцаў у намінацыях «Песьня году», «Кліп году» і «Альбом году».

Расклад вечару 12.12 у клюбе «Пляцоўка Хол»:

19:00 Zolki band

19:30 Angst

20:00 Pauline

20:30 Teleport

21:00 Navi

21:30 Re1ikt

КАНЦЭРТ «ГЕРОІ ГОДУ» АД ПАРТАЛУ TUZIN.FM — КВІТКІ НАБЫЦЬ ТУТ

12 сьнежня (субота). 19:00. Прэмія «Героі году» з удзелам Pauline, zolki band, Angst, Teleport, Re1ikt, Navi. Квіткі (з улікам камісіі апэратара) — 150 000 (танцпляц), 180 000 (столік). Квіткі можна набыць онлайн тут або ў касах kvitki.by па ўсёй краіне. Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93.

Tuzin.fm