Re1ikt перамог у польскім конкурсе «Wsсhodni Gorizont»
2651 / 0
29.07.2014

Re1ikt перамог у польскім конкурсе «Wsсhodni Gorizont»

Яшчэ адна беларуская каманда вярнулася з Польшчы зь перамогаю ў фэстывалі.

Гурт Re1ikt прызнаны найлепшым у конкурсе рок-гуртоў «Wsсhodni Gorizont», які праводзіўся ў межах фэсту MotoPiknik. Ладзіў яго байкэрскі клюб зь Бяла-Падляскі. Фэст праходзіў першы раз у мястэчку Розкаж, што непадалёк ад Бяла-Падляскі. У конкурсе акром беларускай каманды ўдзельнічалі яшчэ 7 гуртоў з Польшчы. Па прыезьдзе ў Менск вакаліст Re1ikt Уладзімер Казлоў зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm з нагоды перамогі: «Нам вельмі прыемна зноў і зноў вяртацца на Падляшша, дзе нас заўжды сустраюцца вельмі цёпла. Сустракацца з польскімі сябрамі, граць песьні для такіх спагадных і шчодрых на ўвагу слухачоў. Заваяваць першае месца гэта проста велізарная і вельмі неабходная порцыя энэргіі для таго, каб працягваць пісаць музыку, ды ісьці па сваёй дарозе пад імем Re1ikt».

Сёлета Re1ikt браў удзел таксама ў фэсьце Rockowisko ў якасьці аднаго з хэдлайнэраў, бо летась атрымаў тут перамогу разам з прызам глядацкіх сымпатыяў. На фэсьце ў Гайнаўцы сёлета перамог іншы беларускі гурт — Sciana. Акром таго некалькі польскіх фэстаў сёлета скарыла яшчэ адна беларуская каманда — Landau. У музычным асяродку ўжо жартуюць, што мабыць хутка беларускім гуртам забароняць удзельнічаць у польскіх конкурсах, бо яны не пакідаюць аніякіх шанцаў мясцовым музыкам.

Tuzin.fm

Тэгi: