Памёр Уладзімер Анціповіч (1967—2015)
Як стала вядома Tuzin.fm, былы кіраўнік аддзелу культуры Менгарвыканкаму пайшоў у іншы сьвет 25 лістапада.
Уладзімер Анціповіч доўгі час узначальваў аддзел культуры (аддзел па справах мастацтва) у Менгарвыканкаме, быў адказны ў тым ліку за ўзгадненьне, дазвол і выдачу гастрольных пасьведчаньняў на ўсе канцэрты, якія адбываліся ў Менску. Сышоў чыноўнік з гэтай пасады ў жніўні 2013 году, калі ўпраўленьне культуры было ліквідаванае, а яго функцыі стала выконваць ідэалягічнае ўпраўленьне. Анціповіч быў знаёмы асабіста з шэрагам беларускіх музыкаў, зь некаторымі падтрымліваў прыязныя адносіны, зь некаторымі канфліктаваў з-за таго, што не выдаваў дазволы на канцэрты. У 2007 годзе камэнтуючы адмену канцэрту «Крамы» ў камэнтары для Tuzin.fm чыноўнік зазначыў: «Мая асабістая пазіцыя такая — музыкант павінен займацца музыкай і ня ўлазіць у палітычныя справы. Як грамадзяне — няхай яны ўдзельнічаюць у якіх заўгодна акцыях ды мітынгах, але музычным гуртам у гэтых справах, на мой пункт гледжаньня, браць удзел не належыць».
Анціповіч сам вельмі любіў рок-музыку, падчас вучобы ў Інстытуце культуры на арганізатара масавых сьвятаў ён быў вакалістам трэш-мэтал гурта «Радыяцыя». Па атрыманьні вышэйшай адукацыі (1991) стаў працаваць па спэцыяльнасьці. На пачатку 90-х быў вядучай музычнай перадачы «Рок-архіў» на Беларускай тэлевізіі.
Памёр Уладзімер Анціповіч у выніку абвастрэньня хранічнай хваробы ў 9-й менскай клінічнай бальніцы 25 лістапада. Разьвітаньне адбудзецца 27 лістапада ў 12:00 у рытуальнай залі 9-й бальніцы.
Відэа. Тэлепрадача «Рок-архіў» (1993, БТ). Вядоўцы — Уладзімер Анціповіч і Ўладзімер Зайчанка. Запіс захаваўся ў архіве Ул. Зайчанкі. Алічбоўка Алеся Сямашкі.
Tuzin.fm
Дадалося відэа з архіву перадачы "Рок-архіў" (1993), адным зь вядучых якой быў Уладзімір Анціповіч.
блин, зараз проста не верыцца, што такое магло быць на тэлебачанни, тааак крута!
КАМЕНТАВАЦЬ