«Ілюжан» выдае новы EP «ВыЯВы» ў DVD-фармаце (відэа)
Музыкі запісалі дэбютны EP, куды ўвайшлі тры кампазыцыі.
Як паведаміла Tuzin.fm вакалістка каманды Кацярына Аліхвер, рэліз вырашана зрабіць у нязвыклым фармаце DVD, куды ўвойдзе тры творы ў аўдыёфармаце «Сустрэнь мяне», «Кактэбель» і «Як мае быць», а таксама відэабонус студыйнай сесіі, падчас якой былі запісаныя гэтыя кампазыцыі. Дыск выдадзены пад назвай «ВыЯВы». «Наш гурт не прэтэндуе на вызначэньне пэўнага стылю сваёй творчасьці. Мы не абмяжоўваем сябе ў экспэрымэнтах, таму кожная зь песень мае для нас свой асаблівы абрыс. У той жа час агульным для гэтага дыску стаў летні, прыўзьняты настрой, у якім лірычнасьць спалучаецца з драйвам і ненавязьлівымі тэкстамі, якія пакліканыя настроіць слухача на аптымістычны лад і надаць лёгкасьць яго светаадчуваньню», — распавяла Кацярына пра новую працу.
«Ілюжан» грае ў такіх стылях як фольк, рок, джаз, фанк. Амаль за тры гады існаваньня ў іх сфармавалася поўнавартасная праграма, і музыкі ўжо заяўлялі пра тое, што зьбіраюцца запісаць дэбютны альбом.
Канцэрт з нагоды выхаду EP DVD «ВыЯВы» гурта «Ілюжан» пройдзе 16 жніўня ў новым менскім клюбе «ДК», што знаходзіцца на вуліцы Талбухіна, 4.
Tuzin.fm
EP "Выявы" можна паслухаць тут https://soundcloud.com/iluzhan-band/sets/viyavi
КАМЕНТАВАЦЬ