«Рок па вакацыях» адменены. Будучыня фэсту пад пагрозай (відэа)
3554 / 0
18.09.2014

«Рок па вакацыях» адменены. Будучыня фэсту пад пагрозай (відэа)

Арганізатар фэстывалю «Рок па вакацыях» Павал Кашырын вымушаны адмяніць мерапрыемства.

Чарговы фэст «Рок па вакацыях» плянавалася правесьці 19 верасьня ў клюбе Re:Public з удзелам гуртоў Drum Ecstasy, Nizkiz, The UNB, Pomidor/Off і «Крама», а таксама гасьцей з Расеі — гурта Н.О.М. За два дні да пачатку арганізатар Павал Кашырын вымушаны быў адмяніць канцэрт. «Асаблівых перадумоваў для гэтага не было, але за апошні тыдзень клубок пэўных канфліктаў інтарэсаў, супярэчнасьцяў і невырашэньняў пэўных пытаньняў дасягнуў свайго апагея, таму я вымушаны быў пайсьці на такое рашэньне», — патлумачыў прамоўтэр. Інфармацыя пра вяртаньне грошай за квіткі будзе паведамленая дадаткова.

Будучыня аднаго з найстарэйшых беларускіх фэстаў пад пытаньнем. «Невядома, што будзе ў наступным годзе, бо ўсё цяжэй і цяжэй рабіць фэсты з удзелам беларусаў. Трэба ўсё асэнсаваць і падумаць ці займацца надалей або зачыніць на амбарны замок», — сказаў Павал Кашырын у камэнтары для Tuzin.fm.

Фэст «Рок па вакацыях» упершыню быў праведзены ў 1993 годзе. Штогод да 1996 году канцэрт ладзіўся на новым месцы — на пляцоўцы цырку-шапіто, ля Палацу моладзі, на цэнтральнай плошчы ў Маладэчне, у Парку Чалюскінцаў. У 2008 годзе пасьля 12-гадовага перапынку фэст быў адроджаны ў клюбным фармаце.

Відэа. Фэст «Рок па вакацыях-1996» (тэлевэрсія, зьнятая Белтэлерадыёкампаніяй і перавыдадзеная на тэлеканале «Белсат»)

Tuzin.fm