Гурт Dzieciuki ў поўным складзе затрымаў АМАП (он-лайн, фота, аўдыё)
Як стала вядома парталу Tuzin.fm, музыкаў гарадзенскага гурта Dzieciuki затрымалі ў Заслаўі, дзе яны здымалі кліп.
«Нас цяпер вязуць у РУУС Заслаўя. Затрымалі ўсіх музыкаў ды тых, хто дапамагаў нам у працы над кліпам, у тым ліку гісторыка Ігара Мельнікава. Усіх пасадзілі ў аўтазак, у любым момант могуць забраць тэлефон», — паведаміў Tuzin.fm вакаліст Dzieciuki Алесь Дзянісаў.
Усяго затрымана 18 удзельнікаў здымак. Міліцыянты палічылі здымкі кліпу за несанкцыянаванае шэсьце. Затрымалі на той падставе, што аніякіх дазваляльных папераў музыкі ня мелі.
Музыкі здымалі кліп на песьню «Хлопцы-балахоўцы» з свайго альбому «Гарадзенскі гармідар».
18:20. Музыкі знаходзяцца ў РУУС г. Заслаўя. У іх зьбіраюцца браць сьведчаньні і складаць пратакол апытаньня.
18:30. «Яны здымалі кліп недзе з абеду, на ўскрайку Заслаўя. Песьня вымагала адпаведнага антуража, таму музыкі былі апранутыя ў строі часоў грамадзянскай вайны, у камуністаў, белагвардзейцаў… Некаторыя на конях. Так што акром музыкаў там былі гаспадары гэтых коней, а таксама рэканструктуры, гісторыкі, аўтар песень каманды Дзяніс Жыгавец… Калі я ўжо паехаў у Менск, Алесь Дзянісаў патэліў, сказаў, што іх затрымліваюць. Пакаваць сталі найперш тых, у каго не было пры сабе дакумэнтаў. А хлопцы іх пакінулі ў сваім бусіку, што стаяў у цэнтры Заслаўя…» — распавёў Tuzin.fm Глеб Рубанаў, які зьехаў трошкі раней, чым адбылося затрыманьне.
19:00. Удзельнікі па-ранейшаму знаходзяцца ў РУУС, у актавай залі. Па адным іх выклікаюць на допыт. Яны расказваюць, што здымалі кліп на сваю песьню і не парушалі беларускіх законаў. Міліцыянты пасьля допыту адводзяць удзельнікаў назад у актавую залю.
19:30. Дапыталі вакалістаў гурта: Пашу Трабла і Алеся Дзянісава. У Паўла пыталіся пра рэпэртуар гурта, месца рэпэтыцыяў і аўтарства песень. Алеся ж папрасілі даць тлумачэньні адносна сёньняшніх здымкаў у Заслаўі. На дадзены момант апыталі яшчэ ня ўсіх затрыманых.
20:20. На дадзены момант міліцыянты дапыталі ўсіх затрыманых. Музыкі па-ранейшаму знаходзяцца ў актавай залі РУУС. Пакуль ім не далі аніякіх тлумачэньняў ні пра прычыну затрыманьня, ні пра далейшы лёс. Хлопцы трымаюцца бадзёра, але змучыліся, зьмерзьлі і прагаладаліся. Хоць затрымалі музыкаў у 17:30, але ў пратаколе зафіксаваны час 18:00. Такім чынам, у 21:00 сканчаецца тры гадзіны і ўсіх па законе мусяць адпусьціць ці прад’явіць абвінавачваньне.
21:05. Усіх затрыманых музыкаў ды іншых удзельнікаў здымак (усяго 17 чалавек) адпусьцілі. Невядомы толькі лёс рэжысэра і апэратара роліку Антона Цялежнікава. Яго на допыт выклікалі першым і ў адрозьненьне ад астатніх, ён у залю не вярнуўся.
21:20 Дадаткова міліцыянты зладзілі пільны дагляд аўтамабіляў удзельнікаў здымак.
Алесь Дзянісаў: «Нам не далі аніякіх афіцыйных тлумачэньняў адносна затрыманьня. Адзінае, што сказалі неафіцыйна, што мы здымалі відэа без дазволу. Нас непакоіць лёс Антона, мы будзем яго чакаць. У яго якраз застаўся ўвесь адзьняты матэрыял для кліпу».
Алесь таксама распавёў акалічнасьці затрыманьня. У 17:30 музыкі і здымачная група ўжо скончылі працу. Увесь матэрыял быў адзьняты. Некаторыя пераапраналіся, мусіла быць вячэра. Але лыжкі і відэльцы ўзяць не пасьпелі. Спачатку да іх падыйшлі два амапаўцы, пасьля пад’ехала яшчэ некалькі аўто, у тым ліку аўтазак. Усіх 18 чалавек, якія мелі дачыненьня да здымак, забралі ў мясцовае аддзяленьне міліцыі для высьветленьня абставінаў.
Dzieciuki не з сваёй волі нарабілі ў невялічкім Заслаўі шуму. У РУУС іх везьлі картэжам, зь мігалкамі, што прыцягнула ўвагу мясцовых жыхароў. Кажуць, што навіна пра затрыманьне музыкаў дайшла да кіраўніка гораду.
21:35 Адпусьцілі рэжысэра роліка Антона Цялежнікава. Увесь адзьняты матэрыял для кліпа міліцыянты забралі на 10 дзён — «для высьвятленьня зьместу».
Антон Цялежнікаў адразу пасьля выхаду з аддзяленьня міліцыі распавёў Tuzin.fm: «Мяне адразу вылучылі як адказную асобу, бо я сказаў, што зьяўляюся ініцыятарам і арганізатарам здымак. Таму на мяне зьвярнулі асобную ўвагу. Я сядзеў асобна ад астатніх, фактычна ў калідоры. Пільнавалі мяне, каб ня ўцёк, заўжды побач знаходзіўся міліцыянт ці амапавец. Мне сказалі, што асноная прэтэнзія да нас — адсутнасьць дазволу на здымкі. Шчыра скажу, я не ўяўляў, што такі дазвол патрэбны, бо здымкі ладзіліся прыватным чынам і мы нікому не перашкаджалі. Вельмі спадзяюся, што матэрыял нам вернуць, бо нічога супрацьзаконнага там няма. Быў зроблены вялікі кавалак працы, шкада будзе яго страціць».
Фота, зробленыя падчас здымак. Аўтар Наста Рубанава
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ