Трыюмф беларусаў у супэрфінале міжнароднага праекту «Салют талентаў» (абноўлена)
2796 / 0
10.10.2014

Трыюмф беларусаў у супэрфінале міжнароднага праекту «Салют талентаў» (абноўлена)

Фольк-гурт «Рада», а таксама салісткі Вера Саламонік і Патрыцыя Сьвіціна ўзялі Гран-Пры і першыя месцы на аўтарытэтным песенным конкурсе.

Супэрфінал міжнароднага праекту «Салют талентаў» праходзіць у Санкт-Пецярбургу. У ім бяруць удзел таленавітыя дзіцячыя калектывы з розных краінаў сьвету, якія былі ўжо ляўрэатамі папярэдніх тураў конкурсу. Беларусь прадстаўленая фольк-гуртом «Рада» і дуэтам «Вера і Патрыцыя», якімі кіруе Ірэна Катвіцкая. Па выніках супэрфіналу «Рада» атрымала Гран-Пры, а таксама 1-е месца ў намінацыі «Вакальны ансамбль», а дуэт Веры Саламонік і Патрыцыі Сьвіцінай 2-е месца ў намінацыі «Народны вакал», Патрыцыя таксама заняла 1-е месца ў намінацыі «Народны вакал» (сола). Пра гэта Tuzin.fm паведаміла Ірэна Катвіцкая адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў. Гурт «Рада» запрошаны да ўдзелу ў гала-канцэрце праекту.

Выканаўцы падрыхтавалі да выступу праграму на аснове фальклёрных беларускіх песень «Русалкі», «Чырвоная вішня» ў аранжыроўцы Ірэны Катвіцкай і «Страла» з рэпэртуару групы «Палац», захаваўшы ўсе дыялектныя асаблівасьці напеваў з Гарадзенскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцей. Адну з гэтых песень сьпявачкі прадстаўлялі на Tuzin.fm.

Tuzin.fm