«Музычная залежнасьць»: стоўнэр-рок з прывітам 70-м (аўдыё)
1697 / 0
23.05.2016

«Музычная залежнасьць»: стоўнэр-рок з прывітам 70-м (аўдыё)

Гурт зь Менску «Музычная залежнасьць» прэзэнтаваў EP «Сьляды на сьнезе».

У рэліз увайшлі пяць кампазіцыяў, у якіх гурт дэманструе асаблівасьці свайго новага гучаньня. Гурт мае ўжо ў дыскаграфіі альбом «Жарсьць» (2015). Іх музыку характарызуюць олд-скульныя гітарныя рыфы ды элемэнты блюзавых сола, якія адносяць у 70-я гады мінулага стагодзьдзя. З прыходам у каманду басіста Міхаіла Далманава музычны складнік набыў новую форму і адценьне. У новым EP, як і на жывых выступах каманды, акцэнт робіцца на сола бас-гітары. Гурт пачынаў з расейскамоўных песень, але цяпер творы пішуцца на беларускай мове: «Бо расейскамоўных трэкаў вельмі шмат, а да ўсяго вакал для нас гэта інструмэнт, і беларуская тут пасуе найлепш», — зазначае вакаліст і гітарыст каманды Андрэй Барсукоў.

Найбліжэйшы выступ «Музычнай залежнасьці» адбудзецца 28 траўня ў менскім «Рок-буфэце». Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm