Б’ёрк узрадавалася паказу фільму «Biophilia» ў Менску (відэа)
2416 / 0
23.10.2014

Б’ёрк узрадавалася паказу фільму «Biophilia» ў Менску (відэа)

Сьпявачка Björk перадала прывітаньне Беларусі і падзякавала арганізатарам паказу фільму «Biophilia Live» ў менскім кінатэатры «Ракета».

«Прывітаньне, Беларусь. Я вельмі ўзрадаваная, што „Biophilia Live“ будзе паказана некалькі разоў у межах праекту „Cinemascope“ ў Менску. Людзі, якія ім займаюцца, працуюць не шкадуючы сябе, яны адмыслова зьезьдзілі ў Польшчу, каб знайсьці гэтае кіно для вас», — напісала сьпявачка на сваёй старонцы ў Facebook і запрасіла менчукоў на прагляд, які проходзіць штодня да 31 кастрычніка ў менскім кінатэатры «Ракета».

«Biophilia Live» — відэавэрсія аднаго з самых маштабных канцэртаў сьпявачкі з Ісьляндыі, які адбыўся ў 2013 годзе ў Лёндане. Рэжысэрамі стужкі сталі Нік Фэнтан і Пітэр Стрыклэнд. Візуальны шэраг карціны ўключае ў сябе выявы розных прыродных зьяваў — ад роста грыбоў да руху тэктанічных плітаў, а ўводны тэкст за кадрам чытае знаны брытанскі тэлевядучы-натураліст Дэвід Атэнбора. Працягласьць стужкі — 97 хвілінаў. Кошт квітка на сэанс — 50 000 руб.

Далей у межах гэтага праекту плянуюцца да паказу фільм Дэвіда Лінча «Duran Duran: Unstaged» (6—9 лістапада ў кінатэатры «Беларусь») і «20,000 Days on Earth» зь Нікам Кэйвам у той жа «Ракеце» (13—19 лістапада).

Tuzin.fm

Тэгi: