
Гурт «Фантастычныя плыўцы» запісаў альбом у духу амэрыканскага фры-джазу 60-х (спампаваць)
Альбом «Шпагат» экспэрымэнтальнай каманды зь Менску прадставіў сеткавы лэйбл HAZE.
Праца «Фантастычных плыўцоў» поўніцца цікавосткамі. Тут ёсьць разгорнутая рэфлексія на падзеі ў Кіеве ў некалькіх частках «Майдан», алюзія на кур’ёзныя ўзаемадачыненьні хакею з авангардам падчас ЧС па хакеі ў Менску «Шайбу!» і трэк «Элеанора» — прысьвячэньне таямнічай аргетынскай сьпявачцы Элеаноры Зыгэр, якая ў 60-х жыла ў беларускай сталіцы, сябравала тут зь Лі Гарві Освальдам ды выступала з джаз-аркестрам Барыса Райскага. Альбом якраз запісаны традыцыйным джазавым складам — саксафон, фартэпіяна, кантрабас, бубны, падчас гукавой сэсіі ў Black Jan Studio ў Менску. Заснавальнік праекту Віктар Сямашка кажа, што пры стварэньні музыкі да альбому «Шпагат» натхняўся амэрыканскім фры-джазам 1950—1960-х.
У складзе «Фантастычных плыўцоў» былі заўважанцыя такія асобы, як Леанід Паўлёнак («Нагуаль»), Віталь Кулеўскі (ili-ili), Віталь Эпаў («Рацыянальная дыета»), Фрыд Самотны (Kusudama), Эрык Арлоў-Шымкус (Vuraj), Васіль Панкратаў, Раман Яраш ды іншыя. Ужывую музыкаў пабачыш зрэдчас — для выступаў ім патрэбнае жывое фано, а знайсьці яго на альтэрнатыўных пляцоўках няпроста. На больш афіцыйных пляцоўках праекту Сямашкі трохі засьцерагаюцца праз радыкальнасьць музычнага кірунку. Кажуць, што на нядаўнім канцэрце ў Доме-музэі Ваньковічаў яны нарабілі такога шуму, што кіраўніцтва музэю звольніла супрацоўніцу, адказную за арганізацыю іх выступу.
Спампаваць альбом можна на сайце лэйблу.
КАМЕНТАВАЦЬ