Выйшаў 600-ы выпуск праграмы «Радыё Тузін» (аўдыё)
Пабачыў сьвет юбілейны выпуск радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў».
Праграма «Радыё Тузін» справіла сур’ёзны юбілей — шэсьцьсот этэраў. Большасьць зь іх правёў Алег Хаменка на хвалях Беларускага Радыё Рацыя, якое выходзіць на FM-хвалі 98,1 у Беластоку і Горадні і 99,2 FM у Берасьці. «Я вельмі рады, што калісьці далучыўся да каманды парталу „Тузін Гітоў“ і зь вялікім задавальньнем праводжу кожны этэр усе гэтыя 10 гадоў. Я думаў, што добра ведаю, што дзеецца ў беларускай музыцы, але з дапамогай праграмы дазнаўся пра вялізарную колькасьць новых цікавых гуртоў. Спадзяюся, што і слухачы зрабілі разам са мной нямала адкрыцьцяў», — кажа Алег.
Радыёвэрсія гіт-параду існуе зь лістапада 2003 году. Спачатку праграма выходзіла ў 30-хвілінным фармаце на хвалях «Радыё Рокс» зь вядучым Цімафеем Драздовым, але неўзабаве была закрыта ў сувязі з тым, што радыё зьмяніла канцэпцыю. Аднавілася перадача ўжо ў гадзінным фармаце на хвалях «Радыё Мінск» з новым вядучым — Алегам Хаменкам. Яна лічылася самай рэйтынгавай на радыёстанцыі, але праз ціск ідэолягаў была прыбраная з этэру 9 траўня 2006 году. Кіраўніцтва радыё паведаміла першапачаткова, што з прычыны «нізкага мастацкага ўзроўню», але неўзабаве зьмяніла фармулёўку на «неадпаведнасьць пэрспэктыўным плянам разьвіцьця станцыі». Камэнтар таго часу ад радыйніка Максіма Гайко: «„Тузін“ закрылі. Засталося закрыць „Каля Рока“ на „Аўтарадыё“ і „Новую Зямлю“ на „Юністар“», — апынуўся прарочы. Так яно і сталася — неўзабаве ва ўсім беларускім FM-этэры не засталося ніводнай (!) перадачы пра беларускую музыку на беларускай мове.
З таго часу «Радыё Тузін» штотыдня выходзіць на хвалях «Радыё Рацыя». Паслухаць яе можна ў 18:05 (па беларускім часе) кожную суботу на FM-хвалях (для жыхароў Падляшша і Заходняй Беларусі) ды он-лайн. Таксама на хвалях «Радыё Рацыя» выходзіць аўтарская праграма галоўрэда Tuzin.fm Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» (штоаўторак у 20:05), «Кракатук» аўтара рубрыкі !OUT на Віктара Сямашкі (штосераду ў 20:05), «Фольк-брама» таго ж Алега Хаменкі (у 20:05 шточацьвер), «З джаза да Баха» Тацяны Заміроўскай (штопанядзелак апоўначы), «Словы з музыкай» Ілоны Карпюк (штосуботу ў 13:05) ды ўласнарадыйны чарт «Шчасьлівая 13-ка» штопятніцу ў 20:05.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ