
Кіраўнік нямецкага лэйблу «Eastблок»: «Важна сьпяваць на сваёй мове»
Абіраючы для выкананьня ангельскую мову, гурты з Усходняй Эўропы пазбаўляюцца сваёй адметнасьці, — такое меркаваньне выказаў Армін Зыбэрт з «Eastблок music».
«Eastблок music» знаходзіцца ў Бэрліне і ўжо цягам 20 гадоў выдае музыку выканаўцаў з Усходняй Эўропы для мясцовага і сусьветнага рынку. У асноўным гэта выканаўцы з Балканаў, Прыбалтыкі, Расеі, Украіны, Польшчы і Вугоршчыны. Сярод апошніх рэлізаў — «Ленинград», «Мумий тролль», «Гайдамаки». Зь беларускіх выканаўцаў на лэйбле выдаваўся толькі «Ляпіс Трубяцкі» з альбомам «Agitpop» (2010). Як прызнаўся кіраўнік «Eastблок» Армін Зібэрт на сустрэчы зь беларускімі прамоўтэрамі ў Бэрліне, ён таксама лічыць вартай увагі музыку гуртоў «Крамбамбуля», «Петля пристрастия», Super Besse, Kriwi ды яшчэ шэрагу беларускіх камандаў, але выдаваць яе пакуль не гатовы: «Так склалася, што музыка з Расеі тут выклікае інтарэс, бо далёка; музыка з Балканаў прымаецца, бо весела; да палякаў ставяцца несправядліва прахалодна, бо яны побач, з Чэхіяй тут асацыююць больш піва, чым музыку, а Беларусі большасьць людзей наогул ня ведае, як краіны. Як жа тады можа зацікавіць музыка адтуль?»
Пры гэтым кіраўнік нямецкага лэйблу выказаў меркаваньне, што ў беларусаў больш шанцаў прасунуцца на эўрапейскі рынак, калі яны будуць карыстацца сваёй мовай. «Калі неангельскамоўныя выканаўцы абіраюць для выкананьня ангельскую мову, то добраахвотна выкідваюць важны элемэнт, бо мова — гэта адметнасьць, дадатковая разынка. Па-ангельску гэта будзе выглядаць больш сумна і параўнаньняў не пазьбегнуць. А вось беларуская мова зусім тут невядомая, і гэта можа дадаткова завабіць слухачоў».
Сустрэча беларусаў з прадстаўнікамі музычнай індустрыі Бэрліну была зладжаная беларускім Інстытутам Гётэ.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ