
Uzari адлятае ў космас (аўдыё, галасаванка)
Насуперак прагнозам на фэст «Эўравізія-2015» ад Беларусі паедзе не праект Аляксандра Рыбака Milki, а дуэт сьпевака Юзары і скрыпачкі Маймуны.
Песьня «Time» ў выкананьні дуэту прызнаная найлепшай паводле галасаваньня журы. Юзары і Маймуна апярэдзілі Анастасію Малашкевіч (2-е месца) і Гюнэш (3-е месца). Фаварыт адбору — дзявочы праект Аляксандра Рыбака Milki толькі чацьверты.
23-гадовага Юзары на самой справе завуць Юрыем Наўроцкім. Ён паходзіць з музычнай сям’і — маці пяе ў аркестры Фінберга, бацька мае вышэйшую музычную адукацыю па клясе трубы. Нарадзіўся ў Менску, вучыўся ва ўнівэрсытэце культуры ў Пецярбургу. На «Эўравізію» ён езьдзіў у 2011 годзе ў якасьці бэк-вакаліста Насты Віньнікавай, сёлета для дзіцячай «Эўравізіі» зрабіў аранжыроўку песьні «Сокал» Надзеі Місяковай. Сёлета падчас выступу на фэсьце беларускай рэклямы Ad.nak выказаўся ў любові да роднай мовы, праўда пакуль далей за выкананьне «Купалінкі» не зайшоў. З 34-гадовай скрыпачкай Маймунай (сапр. — Маймуна Амаду Мурашка) сьпявак аб’яднаўся адмыслова да «Эўравізіі». Яна нарадзілася ў Пецярбургу ў сям’і малійца і беларускі, зь дзяцінства жыла ў Беларусі. Грала ў прэзыдэнцкім аркестры, пяць гадоў таму занялася сольнай кар’ерай.
Юзары і Маймуна цяпер нясуць вялікую адказнасьць перад краінаю. У Беларусі да гэтага конкурсу ўвага такая ж, як у савецкі час да палётаў у космас. «Эўравізія-2015» пройдзе ў траўні ў Вене.
Tuzin.fm, фота з суполкі Юзары
КАМЕНТАВАЦЬ