Амбасада ЗША ў Беларусі заклікае музыкаў прасьпяваць песьні часоў Другой сусьветнай
Музычны праект прымеркаваны да Дня перамогі 9 траўня.
Амбасада Злучаных Штатаў рыхтуе да Дня перамогі шэраг мэмарыяльных акцыяў, адна зь якіх прысьвечана песьням краін-саюзніц СССР у часы Другой сусьветнай вайны. У гэтай сувязі абвешчаны музычны праект, у межах якога ў выкананьні беларускіх музыкаў прагучаць творы таго часу, што пяяліся як у Беларусі ды іншых краінах СССР, так і ў Амэрыцы, Вялікабрытаніі, Францыі. «Песьня заўжды дапамагала „жыць і будаваць“. Так было і ў ваенны час — людзі сьпявалі, каб падтрымаць адзін аднаго, ня страціць сувязь зь мірным жыцьцём, натхніць на подзьвіг. Дасылайце нам іх назвы. А яшчэ мы будзем рады пачуць іх у вашым выкананьні і падзяліцца імі зь іншымі, разьмясьціўшы на нашай старонцы. Гэта яшчэ адна магчымасць аддаць даніну ваеннаму братэрства тых часоў!» — вядзецца ў абвестцы праекту.
Тэкставыя, гукавыя або відэафайлы можна дасылаць на мэйлы USEmbassyMinsk@state.gov або MinskPAS@gmail.com. У лісьце трэба пазначыць імя і кантактны тэлефон. Арганізатары праекту папярэджваюць, што прымаючы ўдзел, вы згаджаецеся з правам амбасады выкарыстоўваць дасланыя вамі матэрыялы.
За хадой праекту можна сачыць у афіцыйнай суполцы амбасады ЗША ў Беларусі.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ