4346 / 0
16.01.2015

Dromos запісаў самотнік пад уплывам квантавай мэханікі (аўдыё)

Пачынальнікі беларускага дарк-эмбіенту паказалі новы трэк.

Новая праца мае назву «Квантавы мэханізм». Удзельнікі Dromos распавялі Tuzin.fm, што запісалі трэк на стыку старага і новага гадоў пад натхненьнем «ад навуковых працаў, якія закранаюць узаемаперасячэньні квантавай мэханікі ды філязофіі чалавечай сьвядомасьці». Як і апошні альбом «Mirrors of Time», бягучы сынгл яскрава прасякнуты ўнікальнай атмасфэрай гурта і падкрэсьлівае ўсеахапляючы касьмізм, які пранізвае ўсю яго музыку.

Праект Артура Невяроўскага ды Ірыны «Шаманкі» Хадарэнкі лічыцца першапраходцам у стылі дарк-эмбіент у Беларусі. Летась яны вярнуліся з новым рэлізам пасьля 9 гадоў маўчаньня. Dromos заняты пошукам сувязяў між мінуўшчынай і будучыняй ды адказу на пытаньне «што будзе далей з чалавецтвам», але для выказваньня сваіх думак і пачуцьцяў словаў не выкарыстоўвае. У 2015 годзе музыкі маюць намер прадставіць новы кліп і EP, які праанансуе будучы поўнафарматны дыск.

За навінамі праекту можна сачыць праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm