
Ільля Фаляжынскі. Няўпэўнасьць як стыль (прэм’ера)
У дзень свайго 21-годзьдзя аўтар і выканаўца Ільля Фаляжынскі прадстаўляе на Tuzin.fm сваю новую песьню «Няўпэўнасьць».
«Мне здаецца сымбалічным, што прэзэнтацыя песьні адбываецца менавіта ў гэты дзень — мой 21-ы дзень народзінаў. Бо я ўсё жыцьцё, здаецца, пакутую ад гэтай „хваробы“. Мне цяжка часам хутка прыняць слушнае рашэньне, прызнацца дзяўчыне ў пачуцьцях. Аднойчы ў школе выкладчыца па беларускай мове і літаратуры на перапынку характарызавала вучняў і назвала мяне якраз няўпэўненым. Думаю, што яна не памылялася. Але калі паглядзець зь іншага боку, то гэта стала маім стылем, маёю „фішкай“, так бы мовіць. Тады чаму я павінен з-за гэтага перажываць? Я такі, які ёсьць. І гэта добра!» — гэтак прадстаўляе песьню яе аўтар.
Ільля Фаляжынскі заявіў пра сябе сёлета дэбютным EP «Зялёная гарбата». Браў удзел у фэсьце «Песьні трубадураў», дзе атрымаў пуцёўку на ўдзел у конкурсе культавага фэсту аўтарскай песьні «Бардаўская восень», які пройдзе ў Бельску Падляскім сёлета ў лістападзе. Цяпер Ільля сканчае працу над сваім дэбютным дыскам.
Tuzin.fm, фота Агаты Гарэзы
КАМЕНТАВАЦЬ