Памерла сьпявачка Ганна Дашкевіч (1990—2017)
Ва ўзросьце 26 гадоў пайшла ў іншы сьвет Ганна Дашкевіч, вакалістка беларускага гурту Symphorine.
Пра сьмерць Ганны на старонцы сьпявачкі «УКантакце» паведаміў раніцою 7 сакавіка яе бацька Канстанцін Дашкевіч. Зь яго словаў, Ганна памерла проста ў сьне… Разьвітаньне зь ёй пройдзе 9 сакавіка з 10:00 да 12:00 у рытуальнай залі будынку судмэдэкспэртызы ў Менску, Даўгінаўскі тракт, 160А.
Ганна нарадзілася 23 жніўня 1990 году. Яна скончыла гімназію-коледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, а летась — вакальна-харавы факультэт у Беларускай акадэміі музыкі. Была вакалісткаю гурту Symphorine, які выконваў у асноўным кавэр-вэрсіі замежных гітоў. У 2015 годзе Ганна ўдзельнічала ў конкурсе «Засьпявай 2.0», на які падала адразу дзьве заявы — для намінацыі «Кавэр» яна з музыкамі зрабіла кавэр на песьню «Госьці» Лявона Вольскага, а для «Сьпяванай паэзіі» напісала сваю першую аўтарскую рэч «Наперад» на словы Віктара Лупасіна. Ганна зьбіралася ісьці ў кірунку стварэньня праграмы на ўласную музыку.
Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім сьпявачкі.
Tuzin.fm, фота Маргарыты Дамарковай
КАМЕНТАВАЦЬ