
Моўчан і Naka не дамовіліся. Будзе судовы працэс
3 сакавіка адбылася дасудовая размова ў справе кампазытара Алега Моўчана, які падаў у суд на вакалістку гурта Naka Насту Шпакоўскую.
Падчас размовы ў Вярхоўным судзе судзьдзя Іна Цысік выслухала довады абодвух бакоў. Наста Шпакоўская прызнала факт перапрацоўкі кампазыцыі Моўчана «Малітва», якую выканала падчас канцэрту-прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры», але палічыла суму кампэнсацыі, якую просіць кампазытар, неадэкватнай. Сьпявачка зьвярнула ўвагу на тое, што іх праца ў межах праекту ня мела на мэце камэрцыйнай нажывы і зьяўлялася данінай павагі творчасьці ансамбля «Песьняры». Твор быў выкананы адзін раз з пэўнай нагоды і ў музыкаў не было мэты выдаваць яго і распаўсюджваць. Наста выказала гатоўнасьць сплаціць кампэнсацыю ў памеры 1 мільёну рублёў.
Алег Моўчан з такой сумай не пагадзіўся і спаслаўся на тое, што мае аплаціць паслугі нанятага ў гэтай справе адкавата. Таму патрабуе 18 мільёнаў за адзінкавае выкананьне сваёй песьні, на якую ён мае выключныя правы. У гэтым моманце суду давядзецца разабрацца, бо Моўчан ня раз прызнаваўся ў інтэрвію, што стварыў яе на замову Мулявіна ў той час, калі працаваў у складзе «Песьняроў». Наста прызнае сваю памылку: «Мы не падумалі пра тое, што твор, які зьяўляецца важным для ўсіх беларусаў, можа належыць аднаму канкрэтнаму чалавеку, які пісаў яго на замову іншага чалавека, працуючы ў дзяржаўным ансамблі».
Першае судовае паседжаньне ў гэтай справе прызначана на 24 сакавіка. Суд мае намер дапытаць у якасьці сьведкаў кіраўніка і прадусара праекту «Re:Песьняры» Сяргея Будкіна, а таксама музыкаў гурта Naka, якія выканалі разам з Настай на сцэне «Малітву».
Болей па тэме:
МОЎЧАН VS. NAKA. «МАЛІТВЫ» НЯ БУДЗЕ
СЯРГЕЙ БУДКІН. МАЯ «МАЛІТВА»
«RE:ПЕСЬНЯРЫ» ЯК ПРЫГОДА, ВЫПРАБАВАНЬНЕ І ЭКСПЭРЫМЭНТ. ЧАСТКА 4
«RE:ПЕСЬНЯРЫ» ЯК ПРЫГОДА, ВЫПРАБАВАНЬНЕ І ЭКСПЭРЫМЭНТ. ЧАСТКА 3
«RE:ПЕСЬНЯРЫ» ЯК ПРЫГОДА, ВЫПРАБАВАНЬНЕ І ЭКСПЭРЫМЭНТ. ЧАСТКА 2
«RE:ПЕСЬНЯРЫ» ЯК ПРЫГОДА, ВЫПРАБАВАНЬНЕ І ЭКСПЭРЫМЭНТ. ЧАСТКА 1
Tuzin.fm
Рэпартажы з залі суда:
http://naviny.by/rubrics/culture/2015/03/03/ic_media_video_117_9191/
http://www.svaboda.org/content/moucan-naka/26880453.html
КАМЕНТАВАЦЬ