Барыс Барабанаў: Вольскі круцей за Brutto i «ВВ» (аўдыё)
2384 / 0
06.03.2015

Барыс Барабанаў: Вольскі круцей за Brutto i «ВВ» (аўдыё)

Знаны расейскі журналіст паслухаў беларускія альбомы-2014 у межах узнагародаў Experty.by і зрабіў свае высновы.

Сёлета аглядальнік Kommersant.ru Барыс Барабанаў запрошаны ў склад замежнага журы ўзнагародаў Experty.by. Ён зь вялікай цікавасьцю адслухаў альбомы беларускіх выканаўцаў. «У краіне, пра музычную культуру якой мяркуюць у асноўным па „Песьнярах“ і „Ляпісах“, апынулася дастаткова самай разнастайнай музыкі, якасьць якой уражвае. Як з пункту гледжаньня запісу, так і ў стваральным пляне», — дзеліцца ўражаньнямі музычны журналіст. Асабліва ён вылучае працу «Грамадазнаўства» Лявона Вольскага — «моцную адчайную песьню пра недасканаласьць усяго існага». На думку Барабанава гэты альбом гучыць круцей і новых твораў Сяргея Міхалка, і напрыклад, роднасных па духу «Воплей Відоплясова». Таксама ў экспэртную тройку лідэраў беларускай музыкі за 2014 год трапілі апошнія альбомы Сярогі «50 оттенков Серого» і ангельскамоўны рэліз «Out of Place» ад праекту Groosha. Топ-10 галоўных беларускіх альбомаў з камэнтарамі Барыса Барабанава, як і кожнага іншага беларускага і замежнага экспэрта, будзе надрукаваны пасьля ўзнагародаў.

Пераможцы ўзнагародаў ад Experty.by будуць абвешчаныя 10 сакавіка. Агулам на перамогу ў 12 намінацыях прэтэндуюць 13 альбомаў. Сёлета намінанты прэміі абвешчаныя нестандартна — адзіным сьпісам без указаньня назвы і колькасьці намінацыяў. З гэтай нагоды ўкладзеная адмысловая інтэрнэт-складанка, у якую ўключана па адной кампазыцыі з кожнага альбому-намінанту.

Tuzin.fm