Сёньня разьвітваюцца з Уладзімерам Угольнікам
Выдатны беларускі гітарыст пайшоў у іншы сьвет 15 сьнежня на 61-м годзе жыцьця.
Уладзімер Угольнік памёр у 9-й клінічнай больніцы ў поўнай сьвядомасьці 15 сьнежня. Трапіў ён туды на дасьледаваньне — непакоіла сэрца. Меліся празь некалькі дзён выпісаць і тут трагічная нечаканасьць — адарваўся тромб. Сьмерць гітарыста стала сапраўдным шокам для яго родных, блізкіх, калегаў і прыхільнікаў творчасьці. Маэстра быў поўны сілаў і творчых плянаў.
Разьвітаньне з Уладзімерам Угольнікам пройдзе 17 сьнежня ў рытуальнай залі №1 на вуліцы Альшэўскага.
Уладзімер Угольнік — сапраўдная легенда беларускай музыкі, пэдагог, гітарыст, аранжавальнік, кампазытар. Ён нарадзіўся 15 ліпеня 1953 году ў Менску. Скончыў Інстытут культуры па клясе гітары і эстрадна-духавога аранжаваньня, калі яму было амаль 40 гадоў. Але ў музыцы — з 15 гадоў. Граў у складзе самадзейных біт-гуртоў «Блики», «Дисконты», «2+2», «Пане-браце». У 1973—1979 гадах працаваў у складзе ансамблей «Орбіта-67» і «Верасы», у 1981—1982 кіраваў ансамблем «Тоніка», у 1982—1987 кіраваў Аб’яданьнем музычных ансамблей Менску, у 1987—1990 — музычны рэдактар тэатру гумару «Хрыстафор». У 1990—1993 граў у складе аркестра Дзяржаўнага цырку. У 1997—2005 — загадчык катэдрай мастацтва эстрады Ўнівэрсытэту культуры, з 2006 і да канца жыцьця выкладаў па клясе гітары і імправізацыі інструмэнтальнага ансамблю на гэтай катэдры. Сярод яго вучняў — Сяргей Трухановіч, Ігар Шошын, Аляксандар Камлюк, Аляксандар Салаўёў ды іншыя. Выступаў сольна і ў дуэце з Генадзем Старыкавым «Стары і Вугал», пісаў музыку для тэатраў, тэлевізіі, радыё, кінафільмаў і рэклямы. Мае тры сольныя дыскі — «Дневные сны» (1998), «Угольнік №2» (2002), «Задушевный рок-н-ролл» (2005).
Tuzin.fm выказвае спачуваньні родным і блізкім музыканта.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ