«Мерада»: «Мы хочам адрадзіць пераймальнасьць традыцыяў у беларускай музыцы» (аўдыё)
Гурт Стыва і Ганны Крамэраў прэзэнтуе самотнік «Срэбны анёл», які анансуе дэбютны альбом «Проста вер».
Заснавальнік гурта «Мерада» Стыў Крамэр кажа, што з дапамогай свайго альбому хоча адрадзіць у Беларусі «традыцыю добрай музыкі»: «Як мне здаецца, на нейкім этапе беларуская музыка страціла пераймальнасьць традыцыяў, стала залішне палітызаванай і менш прафэсійнай. У нас няма музыкі для дзяцей, а таксама… няма яе і для дарослых. Мы хочам зрабіць альбом для ўсёй сям’і. Каб слухаючы нашы песьні, бацька не крычаў сыну: што за лухту ты слухаеш! А сын не казаў бацьку: тата, на тваёй музыцы ўжо цвіль вырасла!» Стыў кажа, што ў творчасьці свайго гурта «Мерада» ён разам са сваёй жонкай, сьпявачкай Ганнай Крамэр, імкнецца аб’яднаць духоўнасьць «Песьняроў», мэлядызм «Бонды» і мадэрн «Улісу», а таксама найлепшыя сусьветныя напрацоўкі ў кантры, року, фольку і госпэлу.
Песьню «Срэбны анёл» гурт «Мерада» вырашыў паказаць напярэдадні рэлізу альбому, які атрымае назву «Проста вер» — паводле песьні, якая ўвосень 2014 году ўдзельнічала ў аўдыёчарце на Tuzin.fm. Усяго ў альбом увойдзе 10 трэкаў, частку зь іх Стыў прысьвяціў свайму сыну Алану, які загінуў два гады таму ў аўтакатастрофе. У тым ліку і гэты сьпеў пра анёла.
Сам альбом пабачыць сьвет у найбліжэйшы час і будзе прэзэнтаваны ў акустычным варыянце ў паэтычным тэатры «АРТ.С». Сачыце за нашымі навінамі!
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ