Лэсьлі Найф з Gods Tower: «Я адмаўляюся ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах»
2788 / 0
03.04.2015

Лэсьлі Найф з Gods Tower: «Я адмаўляюся ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах»

Уладзіслаў Наважылаў, вядомы як Лэсьлі Найф, апублікаваў свой маніфэст.

Год таму лідэр Gods Tower публічна заявіў пра свой намер балятавацца ў якасьці кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе. Цяпер ён заяўляе ў сваім маніфэсьце: у гэтай кампаніі ўдзельнічаць няма ніякага сэнсу. «Удзел у выбарах у нашай краіне азначае гульню па чужых правілах, а для касьмічнага пірата гэта недазваляльная раскоша», — кажа Ўладзіслаў Наважылаў. Пры гэтым ён зазначае, што як сапраўдны джэнтэльмэн міжплянэтнай удачы саступае месца даме, якая наважылася ўдзельнічаць у выбарах — Тацяне Караткевіч і не выключае далейшага ўдзелу ў палітычнай барацьбе. «Успрымайце гэты маніфэст, як дэклярацыю плянаў стварэньня палітычнай арганізацыі, накіраванай на прыняцьце ўдзелу ў кіраваньні дзяржавай. Мы адмаўляемся ад удзелу ў гэтым шоў дзеля таго, каб падрыхтаваць зногшыбальную праграму да шоў наступнага!» — вядзецца ў заяве музыкі, распаўсюджанай у сацсетках.

Лэсьлі стварыў адмысловы сайт, прысьвечаны яго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, дзе нават апублікаваў сваю праграму. «Я абвесьціў пра свае намеры і прыхільнікі маёй праграмы знайшліся. Гэта сьведчыць, што ёсьць пэрспэктывы ў нашага народу, як ў паўнапраўнага чальца дружнай галякактычнай сям’і», — падсумоўвае няспраўджаны кандыдат у прэзыдэнты.

Лідэр Gods Tower ужо удзельнічаў у мясцовых выбарах у сакавіку 2014 году ў якасьці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Гомельскага абласнога cавету дэпутатаў Ігара Случака.

Tuzin.fm