Абвешчаны прыём заяваў на фэст «Жывое неба Браслава»
Буйны рэгіянальны рок-фэст пройдзе 11 ліпеня на Замкавай гары ў Браславе.
Праект «Жывое неба Браслава» — адзін зь нешматлікіх cтаноўчых прыкладаў прыватнай ініцыятывы ў музычнай сфэры. Фэст ладзіцца з 2013 году высілкамі прадпрымальніка Сяргея Садоўскага, па сумяшчальніцтве бубнача браслаўскага гурта «Лабухі». Ініцыятыву падтрымаў Браслаўскі райвыканкам, знайшліся спонсары. Па выніку летась атрымалася зладзіць буйны оўпэн-эйр і прадаць больш за 1600 квіткоў. «Нягледзячы на вельмі цяжкую эканамічную сытуацыю як у краіне, так і ў арганізатараў, мы прынялі рашэньне зладзіць фэстываль і сёлета. Улады ўзгадняюць правядзеньне фэсту, а мы пачынаем адбор удзельнікаў», — кажа Сяргей Садоўскі. «Жывое неба Браслава» мяркуецца правесьці 11 ліпеня на тым жа месцы — на тэрыторыі гісторыка-архітэктурнай каштоўнасьці «Замкавая гара» ў Браславе. Летась на фэст заявілася 65 камандаў, зь іх 12 былі адабраныя да ўдзелу.
«Ідэя нашага фэсту палягае ў тым, каб даць магчымасьць маладым калектывам выступіць з добрым гукам і набрацца досьведу ў больш дасьведчаных музыкаў. А таксама парадаваць слухачоў. Мы запрашаем узяць удзел у фэсьце тых, хто грае рок ва ўсёй яго разнастайнасьці. Блюз, джаз, кантры — такія стылі мы вітаем. Пакіньце на час свае пыльныя гарады ды прыяжджайце ў наш цудоўны край», — заклікаюць арганізатары фэсту «Жывое неба Браслава».
Пазнаёміцца з умовамі ўдзелу ў фэсьце ды спампаваць заяўку можна на афіцыйным сайце фэстывалю.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ