
Літоўскі фэст «What’s Next in Music?» запрашае беларускіх музыкаў
Арганізатары шоўкэйс-фэстывалю «What’s Next in Music?», які адбудзецца 2 і 3 верасьня ў Вільні, абвесьцілі пра прыём заяваў ад беларускіх музыкаў сучасных кірункаў.
Пераможцы адбору выступяць перад міжнароднымі адмыслоўцамі і гледачамі на адной пляцоўцы з гуртамі Daughter (Вялікабрытанія), Gesaffelstein (Францыя), Kero Kero Bonito (Вялікабрытанія), Formation (Вялікабрытанія), Lola Marsh (Ізраіль). «Беларусы — нашыя найбліжэйшыя суседзі. Мы вельмі радыя, што Беларусь удзельнічала ва ўсіх Vilnius Music Week, і гэта давала дадатковае прасоўваньне вашым артыстам. Спадзяемся працягнуць гэтую традыцыю ў межах What’s Next in Music?», — адзначыў Вайдас Стацкявічус, дырэктар Літоўскай асацыяцыі музычнага бізнэсу, суарганізатар What’s Next in Music?.
What’s Next in Music? — супольны праект з арганізатарамі Vilnius Music Week, якія вырашылі аб’яднаць намаганьні пад новай назвай. Ён ёсьць часткаю Loftas Fest, які адбудзецца ў тыя ж дні на той самай пляцоўцы. У межах фэсту зьбяруцца артысты з розных краін Эўропы, а таксама прафэсіяналы музычнага бізнэсу, якія будуць дзяліцца досьведам у межах дзённай канфэрэнцыі і ацэньваць сьвежыя таленты падчас канцэртаў.
Абраным для ўдзелу ў фэстывалі артыстам арганізатары забясьпечваюць абсталяваньне для выступу, харчаваньне і жытло на дзень канцэрту, а таксама пропуск на музычную канфэрэнцыю. Заяўкі прымаюцца да 1 жніўня праз афіцыйную старонку фэсту.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ