Лявон Вольскі распускае «Крамбамбулю»
4294 / 1
25.08.2015

Лявон Вольскі распускае «Крамбамбулю»

Лідэр «Крамбамбулі» заявіў, што новы альбом «Чырвоны штраль» станецца апошнім для гэтага праекту.

«Гэта апошні альбом гурта, пасьля чаго мы сыйдзем у лясы партызаніць. Іншых варыянтаў існаваньня ў сучасных умовах мы ня бачым», — заявіў Лявон Вольскі. Ужо прызначана дата апошняга канцэрту «Крамбамбулі» — 7 лістапада ў віленскай залі Compensa. Праграма «Чырвоны штраль» прадстаўляецца, як «фантасмагорыя, у якой зьмяшалася мінулае, сучаснае і будучае Беларусі, адлюстраваныя з уласьцівымі „Крамбамбулі“ гумарам і іроніяй».

Гурт «Крамбамбуля» быў заснаваны ў 2002 годзе, як праект застольных песень. Вядомасьць яму прынесьлі гіты «Абсэнт», «Госьці», «Турысты». Гэтыя песьні сьпявала ўся Беларусь. Але ў 2004 годзе з шэрагам іншых выканаўцаў «Крамбамбуля» трапіла пад першую хвалю неафіцыйных забаронаў (да канца 2007-га), у 2011 годзе — пад другую.

На апошні канцэрт «Крамбамбулі» ў Вільні беларусы могуць атрымаць бясплатныя візы. Падача дакумэнтаў на візу ў Амбасадзе Літвы ў Беларусі (Менск) і Генэральным консульстве Літвы ў Горадні ўжо адкрытая. Падача ажыцьцяўляецца толькі па папярэдняй рэгістрацыі на адмысловым сайце. Дакумэнты на візу могуць быць таксама прадстаўлены ў Візавы цэнтар Літвы па месцы жыхарства (Менск, Гомель, Горадня, Берасьце) з аплатай сэрвіснага збору (18—20 эўра). Апошні дзень падачы дакумэнтаў — 30 кастрычніка. Пакрокавая інструкцыя па атрыманьні візы і рэгістрацыя на падачу дакумэнтаў — http://www.graffiti.by/2015/vilnius/.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ: