
Tonqixod дае аўтограф-сэсію з нагоды выхаду CD-вэрсіі «Прадмовы» (відэа)
Расхвалены на ўсе лады альбом рок-трыё выходзіць 15 красавіка, напярэдадні іх першага вялікага канцэрту ў Тэатры беларускай драматургіі. З гэтай нагоды музыкі дадуць аўтограф-сэсію ў кнігарні «Логвінаў».
Цяпер гурт актыўна рыхтуецца да першага вялікага сольнага канцэрту, які адбудзецца 20 красавіка ў залі РТБД. Гэта прыз ад грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» за перамогу ў намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом» на ўзнагародах Experty.by, дзе «Прадмова» таксама была адзначана як «Найлепшы рок-альбом» і «Найлепшы дэбютны альбом». Выхад рэлізу і правядзеньне канцэрту ажыцьцяўляецца пры падтрымцы парталу Tuzin.fm. «Выданьне дыскаў цяпер рэдкасьць, яны — нешта сярэдняе між цацкай і рэліквіяй. Мы і раней падумвалі пра такі крок, але рашыцца на яго нас канчаткова пераканала ацэнка альбому экспэртнай супольнасьцю. Запрашаем усіх зацікаўленых на імправізаваную прэзэнтацыю дыска ў кнігарні „ЛогвінаЎ“. Гарантуем настрой і крыху эксклюзіўнага аналягавага калямузычнага шуму», — кажуць музыкі гурта.
Адмысловым госьцем аўтограф-сэсіі 15 красавіка ў кнігарні будзе рарытэтны аналягавы сынтэзатар «Палівокс», які прымаў непасрэдны ўдзел у стварэньні альбома «Прадмова». Інструмэнт быў выраблены яшчэ ў часы СССР на Качканарскім заводзе. Яго можна будзе паглядзець, памацаць і паслухаць.
Яшчэ: Tonqixod прэзэнтуе рок-альбом году ў тэатры
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ