Этна-трыё «Троіца» запіша новы альбом у Варшаве (відэа новай песьні)
Музыкі ўжо маюць дамоўленасьць з польскай TR-studios і гукарэжысэрам Томашам Рагулам, двойчы намінаваным на «Грэмі» за свае працы.
Свой папярэдні альбом «Зімачка» этна-трыё «Троіца» запісвала якраз на гэтай студыі і засталася вельмі задаволенай вынікам. «На самым пачатку працы Томаш зусім не разумеў, што адбываецца, бо ў нас нестандартныя інструмэнты, адсутнічае бас-гітара. Як запісваліся, дык ён доўгі час не разумеў, што з гэтага выйдзе. А як сабралася ўсё разам ды вельмі запаліўся», — кажа бубнач этна-трыё Юры Паўлоўскі. Музыкі вырашылі працягнуць працу з гэтай студыяй і цяпер займаюцца пошукам сродкаў на запіс будучага альбому. Паводле прыблізных падлікаў, уся праца над дыскам ацэньваецца ў 12 тысячаў даляраў.
Лідэр этна-трыё «Троіца» Іван Кірчук кажа, што матэрыялу на новы альбом ужо сабралося. На канцэрце з нагоды 15-годзьдзя, што прайшоў у беларускай дзяржаўнай філярмоніі 23 красавіка, музыкі сыгралі тры кампазыцыі, што ўвойдуць у будучы дыск — «Брат зь сястрою», «Цар-агонь» і «Мядзьведзь». Адметнасьць новай праграмы будзе ў тым, што кампазыцыі будуць працяглыя і па часе і складаныя паводле пабудовы. «Нам стала цікава зь цягам часу з маленькіх песень рабіць фольк-опэры», — кажа Кірчук.
Відэапрэм’ера адной з новых песень «Цар-агонь» — на Tuzin.fm.
Tuzin.fm, відэа Яўген Шапчыц
КАМЕНТАВАЦЬ