Аляксандру Кульлінковічу — 42! (відэа)
Заснавальнік, вакаліст і аўтар песень гурту Neuro Dubel спраўляе 18 траўня 42 гады.
Музыка нарадзіўся 18 траўня 1972 году ў Смалявічах. У Менску жыве зь пяці гадоў. Скончыў ПТВ-23 па спэцыяльнасьці «сантэхнік», адвучыўся адзін курс на факультэце журналістыкі ў БДУ, працаваў у моладзевых выданьнях. Быў калюмністам парталу Naviny.by і аўтарам часопіса «Sexus», цяпер піша ў газэту «СБ — Беларусь сегодня».
Вершы і музыку піша з 1985 году. Мае з гуртом 11 запісаных альбомаў. Піша песьні па-расейску, а з 2000 году і па-беларуску. Мае 10 перамогаў у розных намінацыях «Рок-Каранацыі», у тым ліку «Гурт году» (Галоўная Рок-Карона) у 1998 і 2007 гадах. Браў удзел у супольных музычных праектах «Скрыпка дрыгвы» (ня выдадзены), «Крамбамбуля» (2003), «Салідарны зь Беларусьсю» (2006).
Жанаты. Сыну 14 гадоў.
Neuro Dubel упершыню паказаўся на публіцы ў 1992 годзе, а ўтварыўся яшчэ раней — 17 ліпеня 1989 году. Пагалосак пра каманду, якая выконвае панк-рок з іранічнымі тэкстамі, і пра вакаліста, які б’ецца ў канвульсіях на сцэне і кідаецца ў натоўп, разышоўся далёка за межы першых сталічных клюбаў, і неўзабаве «дзюбэлі» сталі вядучай рок-камандай Беларусі. Іх касэты разыходзіліся ня горш, чым альбомы шанаваных брытанскіх панкаў The Exploited, іх тэксты друкаваліся ў папулярных на той час песеньніках, што прадаваліся ў шапіках «Белсаюздруку». І, што цікава, яны часьцяком зьяўляліся на экранах дзяржаўнага тэлебачаньня зь неардынарнымі кліпамі. Іх прынялі паўсюль — у рок-тусоўцы іх паважалі за адвязанасьць і бескампраміснасьць, на эстрадзе — за адкрытасьць і шчырасьць. Першую «Рок-Карону» ім як найлепшаму беларускаму гурту ўручыў Уладзімер Мулявін. Віталі іх і ў беларускамоўным асяродзьдзі, гэты гурт быў бадай што першым, хто выступіў на фэстывалі «Басовішча» з расейскамоўнымі песьнямі. Па-беларуску ўпершыню яны засьпявалі толькі праз 12 гадоў пасьля заснаваньня, калі прэзэнтавалі сваім прыхільнікам песьню «Я памру тут»…
Tuzin.fm зычыць славутаму беларускаму музыку далейшага плёну ў творчасьці.
Свой дзень народзінаў лідэр Neuro Dubel справіць вялікім канцэртам 21 траўня ў Jack Club.
Tuzin.fm, фота Юра Сідун, Generation.by
Міні-фільм Сяргея Будкіна і Алеся Матафонава пра Аляксандра Кульлінковіча для праекту «Белы сьпіс», зьняты ў кастрычніку 2012 году, калі ў Беларусі дзейнічала негалосная забарона на выступ гурту Neuro Dubel.
КАМЕНТАВАЦЬ