Вольга Акуліч і Андрэй Вайцэхоўскі запісалі сумесны самотнік «Мора ўнутры» (аўдыё)
3043 / 0
17.04.2015

Вольга Акуліч і Андрэй Вайцэхоўскі запісалі сумесны самотнік «Мора ўнутры» (аўдыё)

Вакалістка гурта «Верасень» прадставіла дзьве песьні, запісаныя зь вядомым гітарыстам, які бліскуча грае ў стылі флямэнка.

Сынгл складаецца зь дзьвюх кампазыцыяў, аб’яднаных адной тэмай — «Там за морам» і «Мора ўнутры». Ініцыятар праекту Вольга Акуліч кажа, што запісу папярэднічала інтэрнэт-аб’ява: «У мяне ў сацыяльных сетках сотні сяброў з музычнымі інструмэнтамі, і я прапанавала пасупрацоўнічаць ахвотным. Я ажно не паверыла сваім вачам, калі на такую абвестку адгукнуўся Андрэй Вайцэхоўскі. Я яго ведала як найвыдатнейшага гітарыста. Мы сустрэліся, выбралі некалькі трэкаў, і ўжо празь якія пару тыдняў сыгралі невялікі сэт на канцэрце. Ну а наступным крокам стаў запіс», — апавядае сьпявачка. Андрэй Вайцэхоўскі кажа, што яму спадабаліся песьні Вольгі, таму ён адгукнуўся: «Я наогул люблю добрую паэзію, мне падабаецца беларуская мова, мне падаліся цікавымі гэтыя творы. І я лічу, што экспэрымэнт апынуўся досыць ўдалым. Мабыць, мары пра мора пасьля доўгай зімы сталі прычынай такога выбару песень для запісу». Запіс і зьвядзеньне ажыцьцявіў малады гукарэжысэр Юры Ларыёнаў, ён жа запісаў пэркусію ў трэку «Там за морам».

Акуліч і Вайцэхоўскі падрыхтавалі ўжо сумесную супольную акустычную праграму, куды ўваходзяць песьні Вольгі ў аранжыроўках Андрэя ды яго аўтарскія інструмэнтальныя кампазыцыі. Музыкі рыхтуюцца даць сэрыю канцэртаў.

Tuzin.fm