Рэктар БДАМ адлічыў 3 студэнтаў за акцыі пратэсту
1484 / 0
27.10.2020

Рэктар БДАМ адлічыў 3 студэнтаў за акцыі пратэсту

Учора трох студэнтаў БДАМ рэктар універсітэту адлічыў, а яшчэ двум вынес вымову, спасылаючыся на забарону ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах.

Рэктар БДАМ Міхаіл Баразна адлічыў 3 студэнтаў - трэцякурсніка Серафіма Ганічава, пяцікурснікаў Аляксандра Данілкіна і Карыну Чакур.

Подпісы прарэктара па вучэбнай рабоце Алены Бохан і дэкана мастацкага факультэта Ганны Конанавай пад загадам адсутнічаюць.
 
Адзін з адлічаных студэнтаў кажа, што ўсё пачалося 26 кастрычніка. Тады яго выклікалі на прафілактычную гутарку з першым прарэктарам Святланай Вінакуравай:
 
— У яе кабінеце было чатыры чалавекі: яна, юрыст акадэміі і нейкія мужчына і жанчына, напэўна, з адміністрацыі. Я адказаў, як усе і было: удзельнічаў у акцыі, так.
 
 
Пасля гэтага, па словах студэнта, прарэктар Вінакурава пачала казаць, што «палітыка за межамі мастацтва»:
 
— І, маўляў, калі хочаце, хадзіце ў палітычную ВНУ. Пасля гэтага яна сказала, што ў мяне вымова, і гэта ўжо другая вымова. Хоць першая была летам 2019 і, па ідэі, яна павінна быць анулявана. За гэты навучальны год у мяне вымоў няма. Ці я чагосьці не ведаю? Увогуле, хвілін 30 таму я даведаўся аб сваім адлічэнні, — дадаў студэнт. Мы гутарылі ў 18.40 27 кастрычніка.
 
У правілах унутранага распарадку беларускіх ВНУ звычайна напісана: адлічэнне, як мера дысцыплінарнай адказнасці, можа быць прыменена за сістэматычнае (паўторнае на працягу навучальнага года) невыкананне або неналежнае выкананне студэнтам абавязкаў, ускладзеных на яго заканадаўствам.
 
Tut.by спрабаваў даведацца падрабязнасці ў рэктара БДАМ Міхаіла Баразны, аднак у 17.57 ён не змог пагаварыць з журналістам: сакратар паведаміла, што цяпер ён заняты, а далей заканчваецца яго працоўны дзень.



Фота дакумента апублікавала @dumkame

Тэгi: