
«Сямашка і кумпанія» прэзэнтавалі альбом у гонар беларуска-ўкраінскага Робіна Гуда (аўдыё)
Праект «Віктар Сямашка ды Кумпанія» прадставіў канцэртны альбом «Karmeluk Suite», запісаны пры ўдзеле музыкаў з гуртоў «Кудмень», TonqiXod, Morph, Vuraj і Masque Noir.
Аўтар ідэі альбому Віктар Сямашка тлумачыць, што гэта маштабнае прысьвячэньне Ўсьціму Кармелюку — беларуска-ўкраінскаму «Робін Гуду» XIX стагодзьдзя, селяніну з Рэчы Паспалітай, які ачоліў народны паўстанцкі рух на Падольлі. Кожны трэк адпавядае пэўнаму эпізоду з жыцьця героя: нараджэньне, каханьне, змаганьне й гэтак далей. У запісы прынялі ўдзел 14 музыкаў. У тым ліку ўдзельнікі гуртоў «Кудмень», TonqiXod, Morph, Vuraj і Masque Noir. Сярод незвычайных інструмэнтаў задзейнічаны антыкварная ГДРаўская труба, двухгрыфавая бас-гітара ды два гэпі-драмы. Віктар кажа, што ўпершыню меў досьвед у яднаньні такой колькасьці інструмэнталістаў і вакалістаў у межах аднаго выступу.
Асноўны матэрыял для «Karmeluk Suite» быў запісаны ў вялікай залі Палаца мастацтваў у Менску падчас фэстывалю sтARTup. Асобныя кампазыцыі былі зафіксаваныя ў двух менскіх барах, якія ўжо не існуюць. Рэліз адбыўся на лэйбле HAZE. Вокладкай для альбому паслужыла дыплёмная праца Віктара Сямашкі-старэйшага — графічны ліст «Саджанец», напісаны ў 1974 годзе.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ