Такінданг выклаў кліп «Горад»
Гурт Recha прадставіў свой самы тытуляваны кліп у сеціве. Відэа на песьню «Горад» было зьнятае яшчэ летась і сабрала шэраг узнагарод на міжнародных фэстывалях. Але дагэтуль не выкладалас для прагляду.
Рэжысэрам і мастаком кліпу стаў лідар гурта Recha Андрусь Такінданг, а кампутарную анімацыю зрабіў Дзяніс Міжуй, - паведамляе сайт Ultra-Music.com. Кліп быў адзначаны на кінафэстывалях у Гішпаніі (Libelula animation festival), Баўгарыі (Golden Kuker), Расеі (Perfect Symmetry, New Horizon) і Беларусі («Сьвятло сьвету», Cinema Perpetuum Mobile).
«Вулічныя музыкі бароняць горад-герой ад нашэсьця субкультурных зомбі — такі кароткі змест відэа, на стварэнне якога нас натхніў Мінск ды яго жыхары», — так акрэсьліў сэнс сваёй працы Андрусь Такінданг.
Дарэчы, у першым туры відэа-чарту на «Тузіне Гітоў» удзельнічае кліп Recha на іншую песьню «Добразычлівая».
Ужывую каманду Андруся Такінданга можна пачуць у клюбе «Графіці» 6 лістапада, дзе будзе яшчэ адна кінапрэм’ера — паказ кінастужкі «Андрэй Такінданг. Спынюся ў сярэдзіне», якую зрабіў рэжысёр Ігар Чышчэня пра заснавальніка Recha.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ