
«Ульлянка» — беларуская вясельная полька з прывітам тэхнадэнсу 80-х (прэм’ера!)
Любоў Сівурава прадстаўляе песьню «Ўльлянка», якую яна напісала адмыслова для сьвяточных патрэбаў.
Зьмест гэтай песьні выдатна перадае першы варыянт яе назвы — «Як бацькі дачку аддавалі». Яе аўтарка — экс-салістка гурта Guda, стваральніца праекту SivaLove i дацэнт Унівэрсытэту культуры Любоў Сівурава кажа, што паводле «навукова-гістарычных інсінуацыяў», вясельле — гэта ініцыяцыя, мяжа паміж дзьвюма асобнымі часткамі жыцьця чалавека, стан пераходу: «Прыпеў „Гоп-гоп, пераходы“ і рухі танцу зь пераходамі, якія я прыдумала да полькі, адлюстроўваюць гэты сэнс», — заўважае Любоў.
Сівурава разам з музыкам Зьмітром Сідаровічам некалькі гадоў ладзіла гульнявыя праграмы, майстар-клясы па беларускіх народных танцах, каляндарныя сьвяты ў аграсядзібах. Аднойчы ім замовілі праграму для групы зь пераважна мужчынскім складам. Так і нарадзіўся вобраз Ульлянкі — нібыта дачкі, бацькі якой (заможныя хутаране — Любоў і Зьміцер) шукаюць вартага жаніха. Сьпявачка зрабіла вялікую ляльку. Так распачалося самастойнае жыццё Ўльлянкі за руку і сэрца якой спаборнічалі шмат мужчынскіх камандаў. З таго і паўстала ідэя песьні — полькі ды прыпеўкі пад яе на сюжэт сватаньня Ўльлянкі. Любоў пачала рабіць яе са Зьмітром, а давяла да ладу зь Сяргеем Ваўком (аранжыроўка, клявішы, цымбалы). Усяго на стварэньне музычнага аблічча «Ўльлянкі» пайшло больш за два гады. «Паводле жанру гэта тэхнадэнс, музычны этнаграфічны жарт у стылі клюбнай дыскатэкі 80-х. У тыя далёкія часы я толькі распачынала сваю кар’еру, працавала загадчыцай сельскага клюбу. У вёсцы ладзілася шмат вясельляў. Пасьля абрадавай часткі, вясельнікі накіроўваліся ў клюб. Да паўночы доўжыліся танцы, скокі пад гармонік і модныя рытмы эстрадных артыстаў. Усім было вясёла, цікава і ўтульна. „Ульлянка“ атрымалася як даніна часу, маёй непаўторнай маладосьці», — распавядае Любоў.
Аўтары «Ўльлянкі» пасьпелі ўжо праверыць плён сваёй працы на розных людзях і сьцьвярджаюць, што іх полька паляпшае настрой, робіць яго жартаўлівым, выклікае сьмех — усё тое, чаго часта бракуе сёньня.
Яшчэ: Любоў Сівурава: «Вечнасьць ёсьць. Проста нам мала пра яе вядома» (дэбютны сынгл SivaLove)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ