Рэпэры Антось Звычайны і Last Bench запісалі «гімн дэкадэнцтву» (прэм’ера!)
2171 / 0
13.05.2015

Рэпэры Антось Звычайны і Last Bench запісалі «гімн дэкадэнцтву» (прэм’ера!)

Антось Звычайны прадстаўляе на Tuzin.fm самотнік «Сьмерць кінагероя», запісаны пры ўдзеле гарадзенскага рэпэра Last Bench.

Новы трэк Антось называе «квінтэсэнцыяй свайго настрою»: «У ім — стомленасьць ад таго што адбываецца навокал, ад нашага грамадзтва якое паступова пагружаецца ў эпоху постмадэрну. У тым ліку тут ёсьць і пра падзеі ў братняй Украіне. Складана застацца абыякавым». У запісе самотніку «Сьмерць кінагероя» ўзяў удзел таленавіты гіп-гоп выканаўца з Горадні Last Bench, ён чытае ў другім куплеце і прадстаўляе зусім іншы погляд. «Last Bench кажа пра сыход ад усіх праблемаў у сябе і шукае адказы там. Наогул жа я лічу гэты трэк сапраўдным гімнам дэкадэнцтву. У ім няма ніякай надзеі. Усё марнасьць, як пяецца пры канцы».

Антось працуе ў музыцы ўжо з тры гады, але пакуль адзначыўся толькі некалькімі трэкамі. «Мне вельмі хацелася б рабіць сапраўдную якасьць, што магло бы ўзьняць плянку ў беларускім гіп-гопе і таму ўжо даволі доўга пішу трэкі ў шуфляду». Ён згаджаецца з думкаю аўтара фільму пра беларускі рэп наконт таго, што кірунак гэты перажывае ў нашай сытуацыі ня лепшыя часы. Але пры гэтым пэўны, што пэрспэктывы ёсьць, бо ёсьць людзі, якія натхняюць на гэтую думку. «Мне падабаецца Gleboki Smak. Калі ён будзе больш актыўна дзейнічаць, ён можа шмат чаго дабіцца. Таксама малавядомы пакуль N.Finch з майго роднага Ваўкавыску. Па тэхніцы ён убірае проста ўсіх беларускіх MC разам узятых. Так што ня ўсё так кепска, асабліва калі прыгадаць посьпех Мураўя, ЛСП і Каржа».

Сам Антось Звычайны цяпер рыхтуе міні-альбом, які зьбіраецца выдаць да канца 2015 году.

Tuzin.fm