R.I.P. Памёр Бі Бі Кінг. Прайшла эпоха (1925—2015)
1982 / 0
15.05.2015

R.I.P. Памёр Бі Бі Кінг. Прайшла эпоха (1925—2015)

Беларускі блюзмэн Юрась Ускоў піша пра караля блюзу і яго ўплыў на беларускіх музыкаў. Бі Бі Кінг пайшоў з жыцьця ўначы 14 траўня.

Легендарны блюзмэн памёр у Лас-Вэгасе ва ўзросьце 89 гадоў. Райлі Бі Кінг — сапраўднае імя музыкі — нарадзіўся ў 1925 годзе ў Місысыпі, адкуль і пачаў сваю кар’еру. Першы поўнафарматны альбом Бі Бі Кінг (псэўданім зьявіўся ад скарачэньня мянушкі Blues Boy) выдаў у 1957 годзе, з тых часоў музыка пасьпеў запісаць ля сарака поўнафарматнікаў.

Бі Бі Кінг адзін зь піянэраў блюзавай электрагітары — уплыў яго на электрычны блюз цяжка пераацаніць, музычныя часопісы заўжды ставілі яго на першыя радкі ў сьпісах самых уплывовых гітарыстаў у гісторыі. Свой апошні альбом Бі Бі Кінг выпусьціў у 2008 годзе, з таго часу гітарыст пэрыядычна выходзіў на сцэну, хаця праблемы са здароўем і перашкаджалі яму.

У 1979 годзе Бі Бі Кінг з турам праехаў па СССР (Расея, Грузія, Азэрбайджан) — унікальная па тым часе зьява, у 2004 годзе прыехаў у Расею, а вось да Беларусі так ніколі і не дабраўся, тым ня менш уплыў Бі Бі Кінга на беларускі блюз таксама цяжка перабольшыць. Амаль кожны блюзавы гурт хоць раз выконваў песmні хай і не напісаныя, але папулярызаваныя Бі Бі Кінгам — «Everyday I Have the Blues, Rock Me Baby», і, безумоўна «Thrill Is Gone». Гэтыя і іншыя песьні выконвалі і выконваюць  на канцэртах і цяперашнія беларускія блюзмэны The Blues Case, Barrelhouse, Big Daddy Blues, Bluesville Station, Cross B Band. Пад вялікім уражаньнем ад канцэрту Бі Бі Кінга ў Маскве быў Сьвятаслаў Svet Хадановіч.

Вечная памяць!

Відэа апошняга выступу Бі Бі Кінга з Джэфам Бэкам

Юрась Ускоў, для Tuzin.fm