La Libertad запісалі ў лесе антываенны самотнік (аўдыё)
Беларуска-польскі прагрэсіў-рок праект скарыстаў у сваёй новай песьні запісы перамоваў расейскіх вайскоўцаў у Чачні. Вокладку да іх рэлізу зрабіў украінскі фотамастак.
Новая праца гурта La Libertad завецца «Frozen». Трэк быў запісаны з дапамогай мэтада палявога запісу (field recordings) — партыю акустычнай гітары зафіксавалі проста ў лесе, на валунах, якія некалі прынесьлі ледавікі. Таксама былі скарастыныя запісы перамоваў расейскіх вайскоўцаў падчас чачэнскай вайны. Фота на вокладцы (патрэсканы лёд на возеры Байкал) зрабіў украінскі вандроўнік і фатограф Яўген Дубінчук.
«Ад часу паўстаньня першай зямной цывілізацыі мінула ўжо больш за 6 тысячаў гадоў, чалавецтва шмат чаго стварыла за гэты час, але так і не навучылася на памылках сваіх продкаў, пра што сьведчаць цяперашнія падзеі ў Сырыі, Украіне ды іншых гарачых пунктах. Усе гэтыя ваенныя канфлікты выкліканыя амбіцыямі ды абгрунтаваныя штучнымі ідэалёгіямі. Мяняюцца дэкарацыі ды дзейныя асобы, але сутнасьць, на жаль, нязьменная», — заявілі з нагоды рэлізу стваральнікі La Libertad Станіслаў Жукаў і Зьміцер Грыб. У запісе ўзялі таксама ўдзел бубнач Антон Немагай ды вакалістка Віялета Завадзкая.
«Frozen» упершыню ўжывую прагучыць на выступе гурта 4 сакавіка ў дабрачынным канцэрце ў падтрымку дзіцячага хоспісу ў менскім пабе «Бруге». Ініцыявалі акцыю самі музыкі La Libertad. Падрабязнасьці пра канцэрт ды іншыя навіны гурта можна дазнацца ў афіцыйнай суполцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ