«Тутэйшая шляхта» імкнецца да фольк-року (прэм’ера)
3795 / 0
25.05.2015

«Тутэйшая шляхта» імкнецца да фольк-року (прэм’ера)

Народны калектыў Беларусі прадстаўляе на Tuzin.fm сваю новую песьню «Сэрца ў роспачы ня плача».

Новы твор напісала Вольга Грышчанка, лідэрка і цымбалістка «Тутэйшай шляхты». У ім працягваецца рух калектыву ў кірунку фольк-року. Словы ўзятыя зь вершу Паўлюка Труса — між іншым, земляка заснавальніка калектыву Лявона Махнача. Абодва нарадзіліся ў вёсцы Нізок Узьдзенскага раёну Менскай вобласьці. Вакальную партыю выконвае Андрэй Сьцяпанаў (на фота ў цэнтры).

«Сэрца ў роспачы ня плача» мае ўвайсьці ў новы альбом «Тутэйшай шляхты», які цяпер рыхтуецца. «Нашыя трэкі звычайна вельмі багатыя на вакальны і інструмэнтальны складнікі, таму іх запіс патрабуе пэўнага часу і сродкаў. Каб часьцей радаваць слухачоў музычнымі навінкамі, мы не назапашваем запісаны матэрыял пад выхад канкрэтнага альбому, а публікуем запісаныя творы па меры іх гатоўнасьці», — кажуць музыкі. Такім парадкам, альбом мусіць пабачыць сьвет гэтай зімой.

Прадстаўляючы новы твор вакаліст Андрэй Сьцяпанаў зазначае: «Мы прысьвячаем яго ўсім нашым прыгажуням-беларусачкам — хай цёплае сонейка грэе вам душу, а водар вясновых кветак адганяе смутак і напаўняе сэрца радасьцю і любоўю!» 

Яшчэ адну новую песьню музыкі пакажуць ужо ў наступным месяцы пасьля чаго студыйная праца будзе на пэўны час прыпынена ў сувязі з гастролямі «Тутэйшай шляхты» па Нямеччыне.

Tuzin.fm, фота Дар’і Якубовіч