Трыё Гарачага, Morfé і Apple Tea возьмуць удзел у «Джазавых вечарах» ля Ратушы
2553 / 0
27.05.2015

Трыё Гарачага, Morfé і Apple Tea возьмуць удзел у «Джазавых вечарах» ля Ратушы

Абвешчаны ўдзельнікі шыкоўнага праекту — «Джазавыя вечары з Банкам БелВЭБ».

Джазавыя вечары ля Ратушы задуманыя ў фармаце прамэнадных канцэртаў. Таму ўваход на іх вольны і адсутнічае партэр. «У эўрапейскіх краінах такі фармат вулічных канцэртаў дужа распаўсюджаны: людзі гуляюць і праходзячы міма спыняюцца паслухаць канцэрт. Мы хочам папулярызаваць такі фармат у Беларусі, бо ў нас гэта ня надта прынята», — патлумачыла Tuzin.fm Натальля Куцан, дырэктар фонду «Ідэя», якому і належыць ініцыятыва правядзеньня такіх канцэртаў у Менску. Мерапрыемства пройдзе сёлета ў трэці раз. Падтрымлівае яго «Банк БелВЭБ».

Сёлета канцэрты будуць праходзіць тры суботы запар — 6, 13 і 20 чэрвеня. Праграма збудавана такім чынам, што ў адзін вечар сыграюць замежныя госьці і беларускі гурт. Такім чынам, 6 чэрвеня чакаецца выступ Мадса Матыяса і Пітэра Разэндаля з Даніі, гурта Copro (Швэцыя) і прэзэнтацыя альбому трыё Канстанціна Гарачага «On the Bridge» — таго самага, які быў нядаўна прадстаўлены на Tuzin.fm. 13 чэрвеня грае гурт Бэаты Пшыбытэк (Польшча), франка-нямецкі праект «Fire & Water» і беларускі гурт Morfe, а 20 чэрвеня выступіць брытанскі саксафаніст Дэніс Баптыст пры падтрымцы Apple Tea. «Яблачная гарбата» пасьля выступіць і з сваім сэтам, у межах якога прэзэнтуе новы альбом «М1».

Усе канцэрты распачнуцца ў 20:00. Уваход на іх будзе вольны. Сцэна месьціцца на прыступках канцэртнай залі «Верхні горад», яна ўжо ўсталявана.

Выступ трыё Канстанціна Гарачага на «Джазавых вечарах» у 2013 годзе

Яшчэ: !OUT: Гарачы лонгплэй (прэм’ера альбому ад трыё Гарачага!)

Tuzin.fm