
Адкрыты прыём заяваў на музычны конкурс «Добры вечар»
Конкурс выканаўцаў аўтарскай песьні з прызавым фондам 1500 рублёў пройдзе 24 сьнежня ў сядзібе «Вішнёвы сад».
Ладзіць конкурс шоўмэн Артур Шуляк (між іншым, самы першы вядоўца «Рок-Каранацыі») і сама сядзіба, якая знаходзіцца акурат на тым самым месцы, дзе была сядзіба Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — на беразе ракі Бярэзіны непадалёк ад Бабруйску. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца выканаўцы аўтарскай песьні без аніякіх узроставых і моўных абмежаваньняў. Умовы такія — выканаць ужывую (без выкарыстаньня фанаграмы) некалькі песень уласнага сачыненьня, сярод якіх мусіць быць абавязкова песьня на калядную або навагоднюю тэматыку. Працягласьць выступу — 12 хвілінаў. Удзел у конкурсе платны, канкурсант сплочвае 100 рублёў. Але пры гэтым па выніку можна выйграць грашовы прыз. З дапамогай журы і гледачоў будуць абраныя пераможцы. Уладальнік першай прэміі атрымае 1000 рублёў (блізу 500 эўра), другой прэміі — 300 рублёў, трэцяй — 200 рублёў.
Арганізатары гарантуюць канкурсантам дастаўку зь Менску і назад, бясплатнае разьмяшчэньне ў гатэлі і вечаровы фуршэт. «Мы хочам стварыць утульныя ўмовы для творчай рэалізацыі паэтаў, кампазытараў і выканаўцаў. І наогул папулярызаваць жанр аўтарскага сьпеву ў Беларусі», — заяўляе арганізатар «Добрага вечару» Артур Шуляк.
Заявы можна падаваць на адрас poetbattle@mail.ru. Падрабязьней пра конкурс — тут.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ