Rahis прэзэнтаваў альбом «Памiж сонцам i хмарамi» (прэм’ера)
2956 / 0
08.06.2015

Rahis прэзэнтаваў альбом «Памiж сонцам i хмарамi» (прэм’ера)

Гурт Rahis роўна праз 5 гадоў пасьля свайго першага альбому выдаў новую працу, куды ўвайшло 12 трэкаў.

Усе кампазыцыі створаныя ў розны час заснавальнікамі і вакалістамі гурта Дзянісам Філіпенкам і Зьмітром Язьвінскім, акром песьні «НЛО», якая напісаная на словы Глеба Лабадзенкі. Са словаў музыкаў, усе яны аб’яднаныя «тэмамі пошуку каштоўнасьцей, кірункаў і месцаў пад рамантычны акампанэмэнт закаханасьці, надзеяў і мараў». «Новы пераломны этап здараецца ў жыцьцi кожнага чалавека пасьля гадоў 26. Раптам востра адчуваеш, што перастаў быць падобным на сябе, якім прызвычаіўся быць цягам некалькіх бесклапотных гадоў. Зьмяняесься, але ня ведаеш, кім урэшце станеш. Пераглядаеш каштоўнасьці і цікаўнасьці, разумееш, што час вызначацца зь нечым вельмі важным і жыць напоўніцу», — распавядае Дзяніс Філіпенка пра трэк, які даў назву альбому «Паміж сонцам і хмарамі».

Rahis выдае другі альбом 8 чэрвеня 2015 году — роўна праз 5 гадоў пасьля прэзэнтацыі дэбютнага «Сшытка з тэкстамі ў малюнках», які быў напісаны пад натхненьнем ад ўнівэрсытэцкіх часоў гурта. За працяглы пэрыяд склад музыкантаў Rahis зьмяняўся, але да выхаду другога альбома сфармавалася новае ядро каманды. Разам зь Зьмітром і Дзянісам цяпер граюць Аляксандра Клінцэвіч (клявішы), Павал Вялічка (сола-гітара), Грыня Заслаўскі (бас), Саша Юхнавец (бубны), гукарэжысэр гурта — Віталь Кулеўскі.

«Нам прыемна тое, што адбываецца з гуртом цяпер, усё стала гарманічна ды на свае месцы. Гэта адчуваецца ў гучаньні альбому. Мы імкнуліся, каб кружэлка была сур’ёзнай і сталай у прафэсійнай частцы і лёгкай ва ўспрыманні ды настроі. Каб ад праслухоўваньня зьяўлялася жаданьне зьмяняцца і надзея на зьмены навокал», — распавядае Зьміцер Язьвінскі.

Альбом Rahis «Памiж сонцам i хмарамi» адным файлам можна спампаваць на афіцыйным сайце гурта Rahis.by.

Tuzin.fm, фота гурта Юлі Сакалоўскай, фота на вокладцы Юрыя Сідуна

Тэгi: