Аляксей Церахаў пра кліпы фармату 360°: «Чыста прыкол» (відэа)
2295 / 0
11.06.2015

Аляксей Церахаў пра кліпы фармату 360°: «Чыста прыкол» (відэа)

Тытуляваны беларускі кліпмэйкер паразважаў у камэнтары для Tuzin.fm пра панарамныя музычныя кліпы, якія набіраюць папулярнасьць.

Кліпы ў такой тэхніцы здымаюцца ўжо некалькі гадоў, зь нядаўняга часу магчымасьць прагляду відэа «360 градусаў» зьявілася на Youtube. Самы адметны прыклад — нядаўна прэзэнтаваны «Stonemilker» ісьляндзкай сьпявачкі Björk. Сэнс у тым, што глядач можа ва ўсіх кірунках бачыць відэакарцінку, зьнятую панарамнай відэкамэрай. У Расеі першае музычнае панарамнае відэа зьняў Noize MC у 2012 годзе. У Беларусі пакуль такіх кліпаў не рабілася.

Пракамэнтаваць гэтую тэхніку мы папрасілі Аляксея Церахава (на фота), аўтара кліпаў для гуртоў «Ляпіс Трубяцкі», Brutto, Gogol Bordello, Дзімы Малікава ды іншых выканаўцаў з розных краінаў сьвету. Нядаўна Аляксей заняў 3-е месца на Berlin Music Video Awards з сваёй працай «Воины света»:

«Я ведаю пра гэтую тэхніку ўжо досыць даўно, але мне яна ня надта падабаецца. Там тэхнічная ідэя не працуе на вобраз. Адзінае прымяненьне такой тэхнікі я бачу ў 360-градусных дадатках для мабільных прыладаў. Чыста прыкол. А ў Björk мне спадабалася ўсё, акром кампазытынгу, там бачныя швы ў склейцы розных відэафайлаў па бэкграўндзе, па расколінках на камянях тое заўважна». Наконт будучыні панарамных кліпаў кліпмэйкер заўважае: «Будучыні няма, ёсьць толькі цяпершчына. Цяпер віртуальная рэальнасьць — гэта трэнд, гэта як некалі HD ТВ уваходзіла ў мэйнстрым, а цяпер яно паўсюль. Гэта ўсяго толькі тэхналёгія і яна ўвойдзе да нас сама па сабе».

Сам Церахаў у такой тэхніцы пакуль здымаць не плянуе.

Tuzin.fm