Опа, фінгерстайл. Fergio прадставіў сынгл у рэдкім для Беларусі стылі (відэа)
Праект Fergio можа прэтэндаваць на ўнікальнасьць у беларускай музыцы.
Па-сутнасьці Fergio — творчы псэўданім 26-гадовага гітарыста Фёдара Лысенкі. Адметны новы музычны праект тым, што працуе ў вельмі рэдкім як для нашай краіны стылі, што завецца фінгерстайл. Гэта такая тэхніка ігры на гітары, калі гук здабываецца пальцамі адной рукі. Сам Фёдар удакладняе, што яго стыль завецца «поп-фінгерстайл». Гітарыст хоча, каб як мага больш людзей даведалася пра існаваньне такога стылю, бо ў іншых краінах ён даволі вядомы.
Фёдар Лысенка — адзін з самых таленавітых маладых гітарыстаў краіны. Ён быў ляўрэатам найбуйнешага гітарнага конкурсу ў Расеі «Виртуозы гитары», заняў 1-е месца на конкурсе «Рэнэсанс гітары» ў Гомелі. Ён лічыць, што прафэсіяналізм праяўляецца ў музыцы тады, калі зь песьні нельга прыбраць або ўставіць нават самую непрыкметную ноту.
У падтрымку дэбютнага сынглу «Аэраплян» Fergio зрабіў душэўны кліп. Сцэнарыстам, рэжысэрам, акторам, мантажорам і выканаўцам у ім выступіў Фёдар. Прэзэнтацыя відэа адбылася на буйным відэаканале Ello.
Tuzin.fm
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ