
Дзіма Ску і «Чтобы-чтобы» запісалі беларускамоўны альбом — «каб быў» (аўдыё)
Другі альбом баранавіцкага музыкі і дызайнэра атрымаў назву «Ф2».
Уласна «Ф2» меўся называцца праект Дзімы Ску, чыімі афішамі ўвешаны ўвесь Менск (Дзіма — дызайнэр і 75% беларускіх прамоўтэраў замаўляюць дызайн афішаў у яго). Але ўрэшце вырашана было пакінуць ранейшую назву «Чтобы-чтобы», пад якой ужо быў запісаны дэбютны альбом у 2013 годзе — «каб не размываць брэнд». Адпаведна «Ф2» (кнопка на клявіятуры «даць новае імя») стала назвай другога альбома, цалкам беларускамоўнага.
«У мяне даўно была мара запісаць на мове альбом. Да гэтага ў мяне было некалькі трэкаў, астатнія дапісаліся самі па сабе. Была музыка і паверх яе мэдытатыўна клаліся радкі», — распавёў Дзіма Ску з нагоды рэлізу парталу Tuzin.fm. Музыка кажа, што аніякай мэты перад сабой ня ставіў, калі рыхтаваў рэліз. «Ніякага бізнэс-пляну і аналізу мэтавай аўдыторыі. Проста каб быў. Каб-каб быў», — сьмяецца Дзіма. У запісе яму дапамагаў Ільля Кш ды шэраг запрошаных сяброў-музыкаў.
Жывой прэзэнтацыі альбому «Ф2» пакуль не плянуецца. З актыўнай канцэртнай дзейнасьцю Ску завязаў. Кажа, што раней адгукаўся на ўсе прапановы, а цяпер адмаўляецца, бо ня ведае, каму і навошта гэта трэба: «Як гэта адыграць жыўцом я ня ведаю. Банды няма. Мы самотныя адзінкі ў полі лічбавых тэхналёгіяў. Музыка для нас хобі. Хаця настрой можа зьмяніцца. Я ня стаўлю кропку, але калі гэта будзе мой апошні альбом, то і няхай сабе. Сваю асалоду ад працэсу мы атрымалі».
Спампаваць альбом ад Дзімы Ску і «Чтобы-чтобы» можна на інтэрнэт-лэйбле «Пяршак».
Tuzin.fm
Хаця, шчыра кажучы, гэта не зусім другі альбом. Вось, так бы мовіць, дыскаграфія skoodima.com/chtoby/audio.html
Які па ліку гэта атрымліваецца альбом? Якія крытэры?
маладзец клевы альбумчык
Дзякуй, мы стараліся
КАМЕНТАВАЦЬ