The Glitchhh: «Мы як кантрабандысты, што праносяць рэдкія рэчы» (прэм’ера EP)
4431 / 0
04.08.2015

The Glitchhh: «Мы як кантрабандысты, што праносяць рэдкія рэчы» (прэм’ера EP)

Гурт, які сьмела міксуе шугейз з мэталам, а пост-рок з інды, выдаў EP «I’m a Great Song», які параўноўвае з кантрабандай.

«Беларусы шмат часу ў сваёй гісторыі былі кантрабандыстамі, так што нам дасталося ў спадчыну ўменьне праносіць празь межы рэдкія, а то і забароненыя рэчы. У нашым выпадку гэта крыху фанкавага груву ў альт-мэтал і рок-н-рольныя рыфы ў сучасны драм-н-бас, мінуючы музычную мытню абмежаванасьці стылей», — кажа гітарыст гурта The Glitchhh Яўген Зыковіч. У EP гурта «I’m a Great Song» увайшлі два аўтарскія трэкі, а таксама кавэр на Led Zeppelin, які і даў назву рэлізу.

Музыкі цяпер працуюць над паўнавартасным альбомам, які характаразуюць як «сьмелы і канцэптуальны». «Звышмэты ў нас няма — мы ня думаем навошта мы граем, як ня думаем чаму мы дыхаем альбо п’ем. Наша мэта — падрыхтаваць матэрыял такім чынам, каб як мага большая колькасьць слухачоў маглі ацаніць яго асноўны пасыл і насамрэч зразумець усю сутнасьць таго, што пачуюць», — заявілі The Glitchhh у камэнтары для Tuzin.fm.

Песьні з EP «I’m a Great Song» можна пачуць на найбліжэйшых канцэртах гурта — 27 жніўня ў ТNT і 1 кастрычніка ў «Графіці». Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйныя суполкі УК і FB.

Tuzin.fm