Таня Гарошка шукае беларускамоўнага аўтара для свайго новага праекту Take the Cookies (аўдыё)
3080 / 0
06.08.2015

Таня Гарошка шукае беларускамоўнага аўтара для свайго новага праекту Take the Cookies (аўдыё)

Заснавальніца Tanin Jazz цяпер выступае пад назвай Take the Cookies.

«Слухачы Tanin Jazz прызвычаіліся да нашага стылю гучаньня і я бы не хацела ўводзіць іх у зман, паказваючы пад назвай Tanin Jazz зусім ня джаз, а нешта іншае. А мне падабаецца экспэрымэнтаваць са стылямі, таму знойдзена іншая назва», — патлумачыла Tuzin.fm Тацяна Гарошка. Яна падкрэсьліла, што мае намер актыўна займацца абодвума праектамі.

Take the Cookies — праект танцавальны, свой стыль вызначае як «ню-дыска». Ужо зроблена некалькі кампазыцыяў, якія разышліся па радыёстанцыях Італіі, Гішпаніі, Нідэрляндаў і ЗША. Паслухаць іх у сеціве можна на афіцыйным канале праекту ў Soundcloud. Мяркуецца, што праект будзе дзьвюхмоўным — трэкі запісваюцца па-ангельску і па-беларуску. Праўда, беларускіх тэкстаў не стае, таму Таня шукае цяпер беларускамоўнага аўтара, які мог бы ствараць тэксты, альбо перакладаць ангельскамоўныя. «Для мяне вельмі важна мець беларускамоўныя песьні, і ў мяне вялікія пляны зрабіць электронны праект цалкам па-беларуску, але, на жаль, я не магу знайсьці аўтара песень. Ведаю добрых аўтараў, але ўсе яны занятыя ў іншых праетках, а задуманы праект вымагае канцэнтрацыі творчых сілаў і часу. Тым ня менш, не пакідаю надзеі засьпяваць на сучаснай, інтэлігентнай, стылёвай, разумнай, яскравай, пявучай і кранальнай беларускай мове», — заяўляе Таня.

Take the Cookies будзе госьцем Mirum Festival, які пройдзе 8 жніўня ля Мірскага замка. У жніўні праект таксама выступіць у дворыку на плошчы Свабоды ў Менску. У сэрыі канцэртаў «Засьпявай 2.0» праект Тані Гарошкі падтрымае фіналістаў конкурсу — гурт vegetables.

Сачыць за навінамі Take the Cookies можна праз афіцыйныя суполкі праекту УК/FB.

Яшчэ: Tanin Jazz. Невыносная лёгкасьць быцьця (аўдыёпрэмера!)

Tuzin.fm