Моўчан vs. Naka. Цяпер адказчыкаў чацьвёра
3163 / 0
26.03.2015

Моўчан vs. Naka. Цяпер адказчыкаў чацьвёра

На чацьвертым паседжаньні ў Вярхоўным судзе судзьдзя Іна Цысік задаволіла пазоў Алега Моўчана аб прыцягненьні ў якасьці суадказчыкаў іншых музыкаў гурта.

Пра такую неабходнасьць хадайнічаў адвакат Аляксей Самусеў пасьля апытаньня ўдзельнікаў гурта Naka ў судзе ў якасьці сьведкаў. На думку кампазытара Алега Моўчана, яго выключныя правы на твор «Малітва» парушыла ня толькі Наста Шпакоўская, але і бас-гітарыст Аляксей Паўловіч, гітарыст Сяргей Шчурко і бубнач Зьміцер Харытановіч, якія выканалі разам кампазыцыю бяз згоды яе аўтара на прэзэнтацыі праекту «Re:Песьняры». Клявішніцу гурта Ірыну Кліменка вырашылі не чапаць. Яна ня дала рады прыйсьці на паседжаньне ў якасьці сьведкі, бо цяжарная. Таксама Моўчан ня мае прэтэнзіяў да саўндпрадусара Анатоля Шманая, які запісваў «Малітву» ў выкананьні Naka і, як гэта ні дзіўна, да Сяргей Будкіна, прадусара праекту «Re:Песьняры», на якога першапачаткова зьбіраўся падаваць у суд.

Сума спагнаньня застаецца такой жа — 18 мільёнаў, але цяпер разьмяроўваецца між усімі адказчыкамі па справе — з Шпакоўскай Моўчан хоча ўзяць 9 мільёнаў, у Паўловіча і Шчурко 3,6 мільёну, а ў Харытановіча — 1,8 мільёну. Розніца ў сумах тлумачыцца тым, што басіст і гітарыст на той момант зьяўляліся сталымі ўдзельнікамі гурта Naka, а бубнач — сэсійны музыка.

Пасьля 2,5-гадзіннага перапынку судзьдзя Іна Цысік палічыла хадайніцтва цалкам абгрунтаваным. Яна таксама дадала, што клявішніца Кліменка і саўндпрадусар Шманай прыцягваюцца да справы ў якасьці «трэціх асобаў, якія не заяўляюць самастойных патрабаваньняў на баку адказчыцы». Гэта статус блізкі да сьведкі.

Наступнае судовае паседжаньне прызначанае на 14 красавіка на 14:30 у Вярхоўным судзе Беларусі на вул. Валадарскага, 8. Мяркуецца, што ў гэты дзень Наста Шпакоўская зробіць спробу аспрэчыць выключнае аўтарства Алега Моўчана ў кампазыцыі «Малітва». У адрозьненьне ад кампазытара сьпявачка абараняецца ў судзе сама, без адваката.

На фота: Наста Шпакоўская падчас прэм’еры праекту «Re:Песьняры» ў клюбе Re:Public, 12.09.2014

Яшчэ: Моўчан vs. Naka. У якасьці суадказчыкаў прыцягваюць іншых удзельнікаў гурта

Моўчан vs. Naka. Шпакоўская падала пазоў у адказ

Моўчан і Naka не дамовіліся. Будзе судовы працэс

Паседжаньне ў справе «Малітвы» ў Вярхоўным судзе не адбылося

Алег Моўчан падаў у суд на гурт Naka

Tuzin.fm