Алеся Кульша пачала сольную кар’еру зь беларускамоўнай песьні (прэм’ера)
4064 / 0
14.08.2015

Алеся Кульша пачала сольную кар’еру зь беларускамоўнай песьні (прэм’ера)

Сьпявачка заяўляе, што беларускамоўная творчасьць для яе — прыярытэт.

Песьня «Сонечны прамень» — дэбютны сольны трэк Алесі Кульшы, хоць яна ўжо здабыла немалы посьпех на беларускай поп-сцэне. У 17 гадоў яна стала ляўрэаткай конкурсу «Маладэчна-2007», узяла Гран-пры на конкурсах «Адна зямля» і «Песьня над Нёманам». Пэўны час Алеся працавала ў джаз-аркестры Гарадзенскай філярмоніі, «Нік-джаз-бэндзе» ў Менску, а цяпер узначальвае Тэатар песьні у ДК Маладэчна. Яна кажа, што вырашыла пачаць сольную кар’еру менавіта зь песьні «Сонечны прамень», бо для яе беларускамоўная творчасьць зьяўляецца прыярытэтам.

Прадусуе сьпявачку Віталь Качаткоў, які кажа пра іх далейшыя творчыя намеры. «Цяпер мы рыхтуем акустычную праграму, якую хочам прэзэнтаваць у Менску і набіраем каманду паплечнікаў. Шукаем музыкаў, а таксама відэографа для здымак кліпу. А галоўная наша ідэя-мара — зрабіць музычны спэктакль».

Сачыць за навінамі Алесі Кульшы можна праз афіцыйную старонку Віталя Качаткова ў Facebook.

Tuzin.fm