На «Эўравізію» едзе Ivan зь «Белоруссии». Navi: «Мы задаволеныя сваім удзелам» (відэа)
Арганізатары сьцьвярджалі, што сёлета пераможца вызначаўся выключна праз галасаваньне гледачоў.
У фінале ўзялі ўдзел 10 выканаўцаў: Аляксей Грос, Аляксандра Захарык, Валерыя Садоўская, гурт «Радиоволна», The EM, Navi, Аляксандар Іваноў, Настасься Малашкевіч, Кірыл Ермакоў, Napoli.
Пераможцам абвесьцілі Аляксандра Іванова (Ivan), песьню для якога напісаў расейскі прадусар Віктар Дробыш — той самы, якога нядаўна беспадстаўна ўзнагародзілі ордэнам Францыска Скарыны. Дарэчы, Іванова назвалі прадстаўніком Беларусі на «Эўравізіі» яшчэ ў сьнежні 2015-га ў этэры расейскага тэлеканалу МУЗ-ТВ. Пасьля абвяшчэньня вынікаў на афіцыйным акаўнце сьпевака зьявілася ілюстрацыя з надпісам: «Ivan представит Белоруссию».
Гурт Navi з адзінай беларускамоўнай песьняй «Гэта зямля» выглядаў на фаварыта, але па выніку яго паставілі толькі на 4-е месца, затое Арцёма Лук’яненку і Ксенію Жук адзначылі адмысловым прызам ад «Альфа-банку».
Адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў беларускага адбору на «Эўравізію» Tuzin.fm узяў камэнтар у гурта Navi. «На сцэне мы атрымалі неверагодныя эмоцыі, мы бачылі сьлёзы на вачах у гледачоў і самі да канца зразумелі ўвесь сэнс сваёй песьні. Мы задаволеныя сваім удзелам, бо мы хацелі апынуцца ў пяцёрцы найлепшых, і мы ў ёй. Для нас гэта цудоўны досьвед і цудоўны піяр. Для нас куды больш важнейшая падзея наш сольны канцэрт 14 лютага. Мы вельмі ўдзячныя за тую неверагодную падтрымку, якую нам зладзілі. Мы яе адчувалі пад час выступу і пасьля яго», — сказаў Арцём Лук’яненка. Адносна названага пераможцы галасаваньня Аляксандра Іванова, Арцём зазначыў: «Я ня ведаю яго асабіста і не магу меркаваць наколькі сумленны быў выбар. Для кагосьці ён быў відавочны ад пачатку. Пра кампазыцыю магу сказаць сваё меркаваньне — гэта падобна на Nickelback узору 2001 году. Ці сапраўды яе абралі тэлегледачы? Я ня ведаю».
Відэа выступу Navi
Відэа выступу Ivan'а
Пераможца возьме ўдзел у конкурсе «Эўравізія» ў Стакгольме ў траўні 2016 году.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ